29 кастрычніка Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Указ № 402 “Аб сацыяльнай падтрымцы”. Дакументам прадугледжваюцца меры, накіраваныя на адмену абмежавання памераў пенсій працуючым пенсіянерам, спрашчэнне парадку назначэння і атрымання пенсіі, а таксама на дадатковую сацыяльную падтрымку сем’яў з дзецьмі інвалідамі, бацькоў дзяцей-інвалідаў. За тлумачэннем заканадаўчых новаўвядзенняў мы звярнуліся да начальніка аддзела па прызначэнні і выплаце пенсій і дапамог упраўлення па працы,  занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама Людмілы Дамасевіч.

Новы Указ – чарговыя сацыяльныя гарантыі

– Людміла Міхайлаўна, што зменіцца ў выплаце пенсіі працуючым пенсіянерам з 1 студзеня?

– Цяпер працуючым пенсіянерам частка пенсіі, вылічаная з індывідуальнага каэфіцыента заработку звыш 1,3, у перыяд работы не выплачваецца (не прымяняецца да работнікаў, занятых у вытворчасці сельгаспрадукцыі). З 1 студзеня 2025 года працуючым пенсіянерам пенсіі будуць выплачвацца ў поўным памеры, што не толькі павышае пенсійныя выплаты, але і дае стымул як мага даўжэй працягваць працоўную дзейнасць. Для пенсіянераў з ІКЗ не больш за 1,3 правілы не змяняюцца, паколькі ўжо сёння пенсія ў перыяд работы выплачваецца ім поўнасцю, без абмежавання.

– Якія ільготы з’явяцца ў жанчын з чатырма дзецьмі?

– З 1 студзеня 2025 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8 гадоў, пенсія па ўзросту назначаецца пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту пры наяўнасці стажу работы не менш за 20 гадоў, у тым ліку не менш за 5 гадоў страхавога стажу, як гэта прадугледжана для жанчын з пяццю і больш дзецьмі.

– Якія дадатковыя катэгорыі грамадзян змогуць атрымліваць пенсію на пошце?

– Цяпер выплаты пенсій і  дапамог пераведзены на банкаўскія карткі, за выключэннем асобных катэгорый грамадзян. Указам уведзены дадатковыя катэгорыі пенсіянераў, якія могуць атрымліваць пенсію на пошце, у тым ліку з дастаўкай дадому. Гэта грамадзяне, якія з’яўляюцца інвалідамі III групы або асобы з абмежаванай здольнасцю да самастойнага перамяшчэння (функцыянальны клас 3-ці і вышэй); хто ажыццяўляе догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і атрымлівае дапамогу па догляду гэтага дзіцяці-інваліда; зарэгістраваны па месцы жыхарства ў адным жылым памяшканні з інвалідам І групы, які атрымлівае пенсію праз аб’ект паштовай сувязі; дасягнулі або дасягнуць 70-гадовага ўзросту да 1 студзеня 2025 года.

Іншыя катэгорыі пенсіянераў таксама змогуць пры жаданні перавесці выплату пенсіі з банка на пошту пры ўмове аплаты паслуг па выплаце пенсіі за кошт уласных сродкаў (па ўстаноўленых тарыфах).

– Што варта ведаць пра тэрмін падачы заявы аб прызначэнні пенсіі?

– Сёння заява аб прызначэнні пенсіі па ўзросту падаецца ў дзень набыцця права на яе, гэта значыць у дзень дасягнення работнікам пенсійнага ўзросту. Указам уводзіцца права звароту з заявай як за месяц да ўзнікнення права на пенсію, так і на працягу месяца пасля. Калі гэты тэрмін вытрыманы, пенсію прызначаць з дня ўзнікнення права на яе. Пры больш позняй даце звароту з заявай пенсія будзе прызначацца з дня звароту па яе. Змяненні не закранаюць пенсіі па інваліднасці або з нагоды страты карміцеля (магчыма атрыманне пенсіі за мінулы час).

– Якім будзе парадак вызначэння заробку для вылічэння пенсіі?

– У 2024 годзе заробак для разліку ІКЗ прымаецца за апошнія 30 гадоў запар стажу працы перад зваротам па пенсію. Штогод гэты перыяд павялічваецца на 1 год (напрыклад, у 2006 годзе улічваўся заробак за 6 гадоў, у 2025 годзе гэта быў бы ўжо 31 год). Указам № 402 фіксуецца дзеючы 30-гадовы перыяд для разліку ІКЗ. Далейшае штогадовае павелічэнне гэтага перыяду спыняецца ў мэтах паступовага пераходу да пацверджання заробку толькі дадзенымі індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку ФСАН, які вядзецца з 2003 года, без прадстаўлення грамадзянамі “папяровых” даведак аб заробку.

Сёння, калі дакументы не захаваліся, выдача даведкі немагчымая і пры прызначэнні пенсіі заробак за такую працу ўлічваецца з нулявым значэннем (што зніжае памер пенсіі). Устанавіць заробак работнік можа толькі ў судзе. Між тым, Указам прадугледжваецца права работніка не ўлічваць пры разліку ІКЗ перыяды работы, дзе дакументы не захаваліся, з іх заменай больш раннімі перыядамі, дзе дакументы ёсць.

– На якую дадатковую падтрымку могуць разлічваць сем’і з дзецьмі-інвалідамі?

– Прадугледжана дадатковая падтрымка сем’ям з дзецьмі-інвалідамі. Так, дзецям-інвалідам у выпадку смерці аднаго з бацькоў устанаўліваецца дадатковае павышэнне да пенсіі (з улікам ступені страты здароўя ад 80 да 110 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Павышэнне па гэтай падставе прадугледжана і для інвалідаў з дзяцінства I і II груп старэйшых за 18 гадоў, калі карміцель памёр да іх паўналецця (110 і 95 % БПМ адпаведна). Прадастаўлена права бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства), не менш як 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, на пенсію са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў і пры наяўнасці стажу работы не менш як 25 гадоў, у тым ліку не менш як 5 гадоў страхавога стажу. Пенсія прызначаецца ў выпадках, калі маці дзіцяці-інваліда (інваліда з дзяцінства) не набыла права на пенсію па ўзросту ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” або не выкарыстоўвала набытае ёю права на такую пенсію і адмовілася ад гэтага правы на карысць бацькі альбо не выкарыстоўвала гэтае права ў сувязі з яе смерцю.

– Калі будуць прымяняцца дадатковыя гарантыі, прадугледжаныя гэтым Указам?

– Змяненні ў частцы новых  катэгорый грамадзян, якім гарантуецца права атрымліваць пенсію на пошце без аплаты паслуг, ужо дзейнічае. Змяненне памеру пенсіі ў сувязі з адменай абмежавання па ІКЗ 1,3 працуючым пенсіянерам з 1 студзеня 2025 года будзе праведзена ў аўтаматычным рэжыме. Для рэалізацыі права на іншыя прадугледжаныя ўказам гарантыі трэба звяртацца з дакументамі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства (атрымання пенсіі).

– Дзякуй за карысную і змястоўную інфармацыю, Людміла Міхайлаўна.

Гутарыла Галіна КАЗАК. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о