Бібліятэкі, як найважнейшыя культурныя і інфармацыйныя цэнтры, заўсёды займалі  важнае месца ў грамадстве. У апошнія некалькі гадоў у краіне назіраецца значнае пашырэнне паслуг і ўдасканальванне форм бібліятэчнага абслугоўвання. Петрыкаўшчына не стала выключэннем.

Новы фармат культурнага жыцця вяскоўцаў

З 2016 года для насельніцтва  аддаленых вёсак нашага раёна  працуе “Бібліятэка на калёсах”. У якасці бібліёбуса па населеных пунктах курсіруе аўтобус сектара культуры Петрыкаўскага райвыканкама разам з работнікамі і кніжным фондам цэнтральнай раённай бібліятэкі.  Галоўнай задачай у рабоце такой паслугі з’яўляецца абслугоўванне чытачоў аддаленых вёсак, дзе адсутнічаюць стацыянарныя бібліятэкі. Мы сустрэліся з Аленай Мароз, бібліятэкарам цэнтральнай бібліятэкі, у абавязкі якой уваходзіць падбор літаратуры для вяскоўцаў, запаўненне фармуляраў, вывучэнне запытаў землякоў.

Новы фармат культурнага жыцця вяскоўцаў

–  Пры дапамозе перасоўнай бібліятэкі насельніцтву дастаўляюцца кнігі і іншая друкаваная прадукцыя. У нас распрацаваны чатыры маршруты. Раз у тыдзень  мы выязджаем па чарзе па адным з іх, – дзеліцца Алена Арсенцьеўна. – На кожнага чытача мы афармляем фармуляр. Пры наступным візіце абавязкова ўлічваем запыты. Канешне ж, стараемся парадаваць і навінкамі.

Новы фармат культурнага жыцця вяскоўцаў
  Пры дапамозе перасоўнай бібліятэкі насельніцтву дастаўляюцца кнігі і іншая друкаваная прадукцыя. У нас распрацаваны чатыры маршруты. Раз у тыдзень  мы выязджаем па чарзе па адным з іх, – дзеліцца Алена Арсенцьеўна

Суразмоўца дзеліцца, што на сённяшні дзень бібліятэка на калёсах абслугоўвае дваццаць пяць населеных пунктаў, у якіх сто восемдзесят восем жыхароў з’яўляюцца чытачамі выязной бібліятэкі. Фонд сфарміраваны з улікам узроставых, прафесійных, адукацыйных і іншых асаблівасцей людзей. Ён прадстаўлены класічнай, даведачнай, пазнавальнай і прыгодніцкай літаратурай, раманамі, дэтэктывамі, а таксама літаратурай для дзяцей і юнакоў. Вялікім попытам карыстаюцца перыядычныя выданні. Па меры неабходнасці фонд папаўняецца літаратурай па індывідуальных заказах чытачоў. Прыезд у вёску работнікаў цэнтральнай бібліятэкі багаты на незабыўныя сустрэчы з людзьмі. Землякі заўсёды з радасцю карыстаюцца паслугамі бібліятэкі і з нецярпеннем чакаюць новых сустрэч з кнігай.

Новы фармат культурнага жыцця вяскоўцаў

– Такая форма абслугоўвання даволі запатрабавана.  Найбольшым попытам карыстаюцца жаночыя раманы, гістарычныя творы. Ёсць землякі, якія чытаюць розную літаратуру, а ёсць чытачы, як, напрыклад, Іван Домніч з Баклані, які просіць прывесці беларускіх і рускіх класікаў. З апошніх – “Людзі на балоце”, “Ціхі Дон” – адзначыла жанчына. – Сустрэчу з чытачамі прызначаем звычайна ў адным і тым жа месцы, напрыклад, каля мясцовай або аўтакрамы, на базе дома культуры. Да тых вяскоўцаў, якія па стане здароўя не могуць дайсці да месца збору, прыносім кнігі, часопісы дадому. Перад кожным выездам многім тэлефаную, каб удакладніць, якую літаратуру прывезці. Напрыклад, летам заказаў больш на дзіцячыя кнігі, бо да бабуль і дзядуляў прыязджаюць унукі і праўнукі.

Новы фармат культурнага жыцця вяскоўцаў

На маё пытанне, жыхары якіх населеных пунктаў Петрыкаўшчыны больш любяць чытаць, Алена Арсенцьеўна адказала: з Бяланавіч, Рубчы, Рогу. Але адзначыла, што жыхары ўсіх вёсак, якія ўключаны ў маршрут, не зважаючы на штодзённыя клопаты і працу, адводзяць час для карыснага занятку.

– Кожны раз, вяртаючыся з калегамі з маршруту, ловім сябе на думцы, што дзень прайшоў недарэмна, бо патрэбы чытачоў задаволены. І значыць людзям у гэтую хвіліну добра і ўтульна з кніжкаю ў руках. Становіцца прыемна і радасна за тую справу, якую мы робім ад душы, – адзначыла Алена Арсенцьеўна.

 Святлана СОБАЛЕВА,

фота аўтара, з архіву раённай цэнтральнай бібліятэкі.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о