Днямі мы завіталі ў адно з самых людных месцаў райцэнтра – гарадскі рынак. Сюды наведваюцца не толькі жыхары Петрыкава, але і ўсяго раёна, а ў хуткім часе тут распачнуцца калядныя кірмашы і пакупнікоў стане яшчэ больш. Вось і вырашылі паглядзець, наколькі бяспечна землякам можна прайсціся за патрэбнымі рэчамі без хвалявання, што на галаву можа зваліцца важкі лядзяш.
Пачалі, так бы мовіць, з пункту прызначэння: па вакзале Гомельаблаўтатранса можна хадзіць спакойна, як і поруч з шэрагам гандлёвых павільёнаў. А вось фасад былога памяшкання крамы “3 цаны”, а раней “Галантарэі”, прадстаўляе небяспеку: тут, на ажыўленым праходзе над пешаходамі звісаюць немалыя сасулькі. Але самыя вялікія ледзяшы мы заўважылі на страсе гандлёвай кропкі “ProЗапас”. “Ледзяныя дзіды” тут звісаюць і з боку параднага ўваходу, і з адваротнага фасаду, дзе знаходзіцца паркоўка.
Шчыра кажучы, і суседняя гандлёвая кропка была “багатая” на “падарункі” зімы. Але працаўнікі крамы, заўважыўшы нашае фатаграфаванне, у хуткім часе выйшлі да фасада з пешняю і пачалі збіваць сасулькі.
Спадзяемся, што пасля гэтай публікацыі і іншыя адказныя асобы гэтак жа аператыўна ліквідуюць небяспеку. Зусім не хочацца, каб навагоднія святы, што набліжаюцца, азмрочыў нечы недагляд.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий