Пра асобу Уладзіміра Пугача ведае нямала людзей як на Петрыкаўшчыне, так і за яе межамі. Яго вершы, лірычныя замалёўкі не пакідаюць без эмоцый ніводнага свайго чытача.
Пры ўваходзе ў Петрыкаўскую цэнтральную раённую бібліятэку нас адразу сустрэла кніжная выстава “Вытокі натхнення Уладзіміра Пугача”, дзе кожны з наведвальнікаў мерыпрыемства змог пазнаёміцца з літаратурай, якая адлюстроўвае асноўныя этапы жыцця і творчасці мастака слова.
Жыццёвы і творчы лёс Уладзіміра Мікалаевіча цікавы і заслугоўвае асаблівай увагі. Пісаць пачаў у 14-гадовым узросце, друкаваўся ў газетах “Чырвоная змена”, “Гомельская праўда”, “Петрыкаўскія навіны”, часопісе “Юны натураліст”. Доўгія гады пры раённай газеце, якая раней называлася “За новыя рубяжы”, вёў рубрыку “Зямное рэха”. У 1991 годзе на старонках раённага выдання выйшаў першы літаратурны альманах аўтара “Жыві, мая крыніца”.
Размову Уладзімір Мікалаевіч вёў на роднай мове, што не магло не радаваць прысутных. Прызнаецца: любіць пісаць на беларускай мове, лічыць яе мілагучнай, але ёсць у капілцы мастака слова і рускамоўныя вершы.
Са слоў творцы, тэмы для напісання вершаў, лірычных замалёвак прыходзяць нечакана. Вось, напрыклад, паклікалі яго на сустрэчу з дзеткамі, на думку адразу ж прыйшлі радкі новага дзіцячага верша, які пазней аўтар будзе зачытваць маладому пакаленню. Ці, скажам, убачыў звера ў лесе ці матылька на двары, а ў галаве ўжо ўзнікае ідэя для напісання лірычнай замалёўкі.
З асаблівай цеплынёю ўспамінае Уладзімір Мікалаевіч, і нават прысвяціў адзін са сваіх вершаў роднай Кашэвіцкай школе.
Свае вершы пісьменнік зачытваў на памяць, нягледзячы на 83-гадовы ўзрост, што не магло не ўразіць прысутных. І зусім не важна, калі твор быў напісаны – учора, 3 гады ці нават 60 гадоў таму. Радкі ўсплываюць у памяці самі сабой.
Уладзімір Жукавец, сябар Уладзміра Пугача, паведаў адну забаўляльную гісторыю:
– Былі мы некалі з Уладзімірам Мікалаевічам на сустрэчы з дзецьмі ў Грабаўскай школе. І пазней заўважылі, што аўтар забыў сшытак з вершамі. Падумаў: усё, трэба будзе большасць часу мне забаўляць прысутных, але не ўсё так проста. Уладзімір Мікалаевіч пачаў зачытваць вершы на памяць. Гэта, сапраўды, таленавіты чалавек.
На пытанне, што некалі натхніла на напісанне вершаў, Уладзімір Мікалаевіч адказаў: “Моцна паўплываў на мяне твор беларускага пісьменніка Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”, з якім я пазнаёміўся ў 4-ым класе і перачытваў некалькі разоў. Дарэчы, кнігу падарыў мне дырэктар школы. Ды і ўвогуле з захапленнем зачытваўся і іншымі творамі Янкі Маўра. Так і пачаў тварыць сам”.
Цікавіла прысутных і наступнае пытанне: ці прысвячаў Уладзімір Мікалаевіч свае вершы каму-небудзь з блізкіх. Аўтар прызнаўся, што адзін са сваіх вершаў прысвяціў жонцы, якой, на жаль, не стала 9 гадоў назад. Дарэчы, жонка працавала настаўнікам беларускай мовы, але, як прызнаўся мастак слова, ніколі не правярала вершы мужа на памылкі, колькі б той не прасіў.
Сустрэча з Уладзімірам Міка-лаевічам пакінула значны след у душы ўсіх удзельнікаў творчай сустрэчы. Добра, калі побач ёсць такія таленавітыя творчыя людзі, якія натхняюць на добрыя справы.
Дарэчы, з лірычнымі зама-лёўкамі аўтара вы можаце пазнаёміцца і на старонках газеты “Петрыкаўскія навіны”, якія друкуюцца пад рубрыкай “Нататнік натураліста”. Прыемнага прачытання!
Анастасія КІСЕЛЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий