Добрыя водгукі пра Муляраўскую пачатковую школу, дзе набываюць першыя ўменні і навыкі самыя маленькія землякі, і пра калектыў, што забяспечвае высокую якасць выхавання, можна пачуць не толькі сярод бацькоў пасёлка – педагогі смела заяўляюць пра сябе на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях. Сведчаннем іх актыўнай пазіцыі з’яўляецца мноства ўзнагарод, што знаходзяцца ў скарбонцы дасягненняў установы. Адзін з сакрэтаў поспеху гэтай звычайнай вясковай школы з малой камплектацыяй вучняў – укараненне новых формаў у навучанні, выхаванні і рабоце з бацькамі.
Трапляючы ў памяшканне Муляраўскай школы, адразу разумееш, што тут працуюць апантаныя сваёй справай людзі, якія робяць усё магчымае, каб установа адпавядала сучасным патрабаванням: светлыя пакоі, неабходная мэбля, прадметна-развіваючае асяроддзе, дыдактычна-развіваючыя матэрыялы для заняткаў і гульняў. У наяўнасці і асабістыя метадычныя прадукты педагогаў: панарамныя 3D планшэты, кейсбукі, лэпбукі.
– Калектыў робіць усё для таго, каб выхаванцы ішлі ва ўстанову з задавальненнем. Мы імкнёмся стварыць такія ўмовы, каб вясковыя дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі ў параўнанні з гарадскімі. А каб малым было цікава, і заняткі праходзілі з карысцю – неабходна ісці ў нагу з часам, укараняць новыя, цікавыя, сучасныя метады, – адзначае загадчык установы Людміла Крацюк.
Адным з напрамкаў у рабоце з выхаванцамі, з’яўляецца знаёмства са спадчынай продкаў праз беларускі фальклор. Ва ўстанове працуе “Фальклорная гасцёўня”, у час наведвання якой педагогі размаўляюць з малымі на роднай мове, знаёмяць з прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі, песенькамі, пацешкамі. Курыруе дадзены напрамак выхавацель Наталля Шэлег, якой нашы беларускія традыцыі добра знаёмы: педагог з’яўляецца ўдзельніцай народнага фальклорнага ансамбля “Спадчына” пры Курыціцкім СДК.
– Каб захаваць памяць пра культуру продкаў, ва ўстанове абсталяваны беларускі куточак. Ён запатрабаваны, так як у гасцёўні ладзяцца абрадавыя святы, мерапрыемствы, выставы беларускай тэматыкі. Менавіта ў гэтым месцы маленькія беларусы ўсвядамляюць і адчуваюць з чаго пачынаецца радзіма, што для іх родная вёска, чаму патрэбна берагчы беларускую культуру і мову. Менавіта на такіх занятках бярэ вытокі сувязь пакаленняў і нара-джаюцца патрыятычныя пачуцці, – працягвае кіраўнік. – І вынік такой работы адчувальны: час ад часу можна пачуць, што выхаванцы звяртаюцца на беларускай мове, ці пытаюць, як будзе гучаць тое ці іншае слова на роднай мове.
Людміла Барысаўна не хавае: калектыў установы ў пастаянным пошуку цікавых форм работы з дзецьмі. Выхавацель Вераніка Пех на сваіх занятках не адзін год практыкуе нешта новае. Педагогі ўкараняюць у жыццё і інавацыйныя праекты. Тэрмін для іх рэалізацыі выбіраюць не доўгатэрміновы: узрост дзяцей патрабуе змены ў дзейнасці. Адзін з апошніх праектаў – “Экскурсія выхаднога дня”.
– Калі дарослыя могуць больш часу правевесці са сваімі дзецьмі? Зразумела, у выхадныя дні. Кожная сям’я мае свае традыцыі і вопыт правядзення такіх дзён. Мы прапануем ім, як альтэрнатыву, зносіны з прыродай, наведванне сацыяльных, прамысловых, гістарычных аб’ектаў, памятных месцаў у тым населеным пункце дзе пражывае сям’я. Правільная арганізацыя такіх прагулак забяспечвае ўмовы для ўмацавання дзіцяча-бацькоўскіх адносін, збліжае бацькоўскую грамад-скасць са школай.
Фарміраванню станоўчых адносін да роднага краю і яго гісторыі ў дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстанове надаецца вялікая ўвага. Вопыт у дадзеным напрамку быў прадстаўлены ў мінулым годзе на рэспубліканскай пляцоўцы і ацэнены па заслугах: выхавацель Марына Пінчук са сваім метадычным прадуктам “Лепшыя практыкі і метадычныя інструментарыі ў патрыятычным выхаванні” ў намінацыі “Лепшая распрацоўка ваенна-гістарычнай тэматыкі”, за распрацоўку лэпбука “Дзецям пра Вялікую Айчынную вайну” стала лепшай.
– Скажу шчыра, мне як кіраўніку ўстановы прыемна працаваць з такім калектывам, як у Муляраў-скай школе. Усе педагогі творчыя, ставяць перад сабой мэту даць якасныя веды, прывіць дзецям правільныя паняцці з маленства. Ніколі не спыняюцца на дасягнутым – толькі так можна стварыць умовы для якаснага навучання і выхавання падрастаючага пакалення.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота з архіву школы.
Оставить комментарий