Наведваем лясы па правілах

0
299

Наведваем лясы па правілахУлетку пры працяглых высокіх тэмпературах паветра лясныя масівы нашай краіны схільныя да пагрозы пажару, менавіта з гэтай прычыны ў розных рэгіёнах Беларусі ўводзяцца абмежаванні або забароны на наведванне лясоў. Пра забеспячэнне пажарнай бяспекі ў лясах і парадак наведвання ляснога фонду ва ўмовах пажаранебяспечнага сезона мы пагутарылі з дырэктарам ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Іванам Торчыкам.

Як пазначыў у час размовы Іван Мікалаевіч, рашэнне аб увядзенні абмежавання або забароны на наведванне лясоў прымае мясцовы райвыканкам па хадайніцтве структур Міністэрства лясной гаспадаркі і Міністэрствы па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Абмежаванне на наведванне лясоў уводзіцца пры 3-м класе небяспекі. Поўная забарона на наведванне лясоў прымяняецца пры 4-м і 5-м класах небяспекі.

– Даведацца, які менавіта ўстаноўлены клас пажарнай небяспекі і якія абмежаванні ўстаноўлены ў нашым раёне можна па тэлефонах у лясгасе: 3-00-69 (пажарны вартаўнік) і 2-90-04 (аддзел аховы і абароны лесу), – дадаў дырэктар лясгаса.

Таксама для ўдакладнення ўвядзення абмежавання або забароны на наведванне лясоў можна скарыстацца інтэрактыўнай картай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. Карта што-дзень абнаўляецца ў залежнасці ад абстаноўкі на тэрыторыі ляснога фонду і метэазводак, якія паступаюць ад метэаралагічных службаў. Рэгіёны на карце афарбаваны ў тры колеры: зялёны, чырвоны і жоўты. Зялёны колер абазначае 1 або 2 клас пажарнай небяспекі, гэта значыць, што наведванне лясоў дазволена. Жоўты колер – гэта 3-ці клас пажарнай небяспекі, што азначае ўвядзенне абмежаванняў на наведванне лясоў у гэтым рэгіёне. Калі рэгіён на карце пазначаны чырвоным – пажаранебяспечная сітуацыя ў раёне складаная і рашэннем райвыканкама ўведзена поўная забарона на наведванне лясоў. Пры навядзенні курсора на канкрэтны раён на карце пазначаны нумар рашэння райвыканкама.
На пытанне чым забарона на наведванне лясоў адрозніваецца ад абмежавання, Іван Мікалаевіч адказаў наступнае:

– Пры абмежаванні заходзіць у лес можна для прагулак, збору грыбоў ці ягад. Уехаць на тэрыторыю лесу на машыне нельга, таксама забаронена разводзіць вогнішчы. Забарона азначае, што грамадзяніну нельга наведваць лес ні пры якіх умовах.
У пажаранебяспечны перыяд галоўная парада грамадзянам ад лесаводаў: перад тым, як наведаць лес, трэба зайсці на сайт Міністэрства лясной гаспадаркі (па спасылцы https://www.mlh.by/maps/map.pbp), і вывучыць карту забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў. Знайдзіце свой рэгіён, калі ён афарбаваны ў зялёны колер – сардэчна запрашаем у лес, калі ў чырвоны або жоўты – лепш застаньцеся дома.

Варта памятаць, што за парушэнне ўмоў наведвання лясоў, прадугледжана пакаранне. Так, за парушэнне забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Згодна з артыкулам 16.21 КаАП парушальніку пагражае штраф у памеры да 12 базавых велічыняў. Калі будзе нанесены ўрон лясному фонду, то памер штрафных санкцый можа вырасці да 36 базавых велічынь.

– Лес – наша нацыянальнае багацце і ў пытанні яго захаванасці ёсць ступень удзелу і адказнасці кожнага. Каб наведванне лесу прынесла толькі прыемныя ўспаміны, варта прытрымлівацца існуючых парад ва ўмовах пажаранебяспечнага перыяду, – дадаў у завяршэнні размовы дырэктар ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Іван Торчык.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о