Натарыус у праве засведчыць куплю-продаж аўтамабіля

0
62

З 22 студзеня 2023 года фізічныя асобы могуць звярнуцца па афармленне дагавораў куплі-продажу, дарэння, мены транспартнага сродку па сваім меркаванні ў ДАІ або да любога натарыуса. Адпаведны Указ № 246 быў падпісаны Кіраўніком дзяржавы 18 ліпеня 2022 года.
За тлумачэннем нюансаў пасведчання такой здзелкі мы звярнуліся да натарыуса Марыны ГОЛІК.

– Сапраўды, пры правядзенні здзелкі па афармленні дагавораў куплі-продажу, дарэння, мены транспартнага сродку ў натарыяльнай канторы трэба ўлічыць два асноўныя моманты: па-першае, абодва бакі дагавора (куплі-продажу, дарэння, мены) – толькі фізічныя асобы і, па-другое, аўтамабіль да гэтага павінен быць зняты з уліку ў ДАІ, – пазначыла ў час гутаркі Марына Уладзіміраўна.
Пры выкананні акрэсленых умоў, натарыус для пасведчання дагавора, здзелкі з транспартным сродкам устанаўліваюць асобу бакоў. Робіцца гэта толькі пры асабістай прысутнасці прадаўца і пакупніка або іх прадстаўнікоў па натарыяльна засведчанай даверанасці. Бакі абавязкова павінны мець пашпарт ці ID-карту. Пасля чаго, як пазначыла суразмоўца, натарыус высвятляе волевыяўленне бакоў, правярае прыналежнасць транспартнага сродку і зняцце яго з уліку па тэхнічным пашпарце і правярае дзяржаўную рэгістрацыю і зняцце з уліку транспартнага сродку і наяўнасць або адсутнасць абмежаванняў (абцяжаранняў) і забарон на здзяйсненне здзелак з ім.
Таксама па базе дадзеных ажыццяўляецца праверка факта, ці не засведчваліся дагаворы адчужэння ў дачыненні да аўтамабіля пасля зняцця яго з уліку, а таксама наяўнасць або адсутнасць у бакоў здзелкі мужа (жонкі). Калі ТС набыты ў шлюбе, натарыус да здзяйснення здзелкі абавязаны атрымаць згоду мужа (жонкі) прадаўца. І толькі пасля праверкі ўсіх абставін здзелка будзе засведчана.
Пераход права ўласнасці на ТС узнікае ў пакупніка з моманту, калі натарыус засведчыў дамову.
– Грамадзянам не трэба звяртацца ў ДАІ, каб зарэгістраваць дагавор або пераход права ўласнасці на аўто, – натарыяльны акт ужо будзе з’яўляцца пацвярджэннем пераходу права ўласнасці. Усе неабходныя звесткі аб праведзенай здзелцы натарыус накіруе ў ДАІ самастойна.
Для пакупніка пасля пасведчання здзелкі застаецца толькі этап рэгістрацыі ТС – на працягу 30 дзён трэба паставіць ТС на ўлік у ДАІ і атрымаць на сваё імя пасведчанне аб рэгістрацыі, – звярнула ўвагу суразмоўца.
Калі ж машына прадаецца ў растэрміноўку, то, як толькі пакупнік выканае ўсе абавязацельствы па аплаце, ён і прадавец прыходзяць да натарыуса і заключаюць пагадненне аб выкананні натарыяльна засведчанай дамовы. Пераход права ўласнасці ў дадзеным выпадку наступіць у момант пасведчання такой дамовы.
– За складанне праекта дамовы, а таксама неабходных заяў, згод і пасведчанне трэба заплаціць натарыяльны тарыф.
Пасля пасведчання здзелкі натарыус робіць адпаведную адзнаку ў тэхпашпарце ТС.
Рэгіструючыя органы не пазней за працоўны дзень, які ідзе за днём паступлення ад натарыусаў звестак, уносяць іх у АІС Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, – дадала натарыус у завяршэнні размовы.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о