2026 год для раённай газеты юбілейны. Прыгожую і значную дату “Петрыкаўскія навіны” будуць адзначаць 1 мая – любімай раёнцы споўніцца 95 гадоў.
Паважаныя чытачы, з нагоды юбілею мы запускаем новыя рубрыкі, якія будуць прысвечаны нашаму агульнаму мінуламу. Так, у рубрыцы “Ажыўшыя ўспаміны” мы будзем расказваць пра людзей, якія стваралі газету ў розныя гады, пра ветэранаў журналістыкі і пазаштатных аўтараў.
“У календары падзей” – нагадаем чытачам пра самыя яркія і важныя раённыя падзеі мінулых гадоў.
У “Крытычным поглядзе” – разам з вамі ўспомнім вострыя, а часам і кур’ёзныя моманты, апісаныя на старонках газеты.
Таксама мы чакаем вашыя апавяданні пра тое, колькі гадоў і чаму вы чытаеце раёнку, і яны будуць абавязкова апублікаваны ў рубрыцы “З “Петрыкаўскімі навінамі” па жыцці”.
Магчыма, камусьці запомнілася сустрэча з карэспандэнтам, а камусьці раённая газета дапамагла парадай ці справай. Мы рады будзем атрымаць вестку і ад тых, пра каго наша газета пісала раней. Раскажыце пра сябе, як вы жывеце, што новага ў вас адбываецца?
Дзень нараджэння газеты – 1 мая. І ў вас таксама? Мы з задавальненнем з вамі пазнаёмімся ў рубрыцы “Агульнае свята”. Дасылайце ў рэдакцыю сваю фатаграфію і невялікае апавяданне пра сябе, а яшчэ напішыце, ці даўно вы чытаеце газету і якія публікацыі вам больш за ўсё ў ёй падабаюцца. Самыя цікавыя апавяданні будуць апублікаваны. Рубрыка “Равеснікі газеты” нам дапаможа ўстанавіць, колькі равеснікаў нашай газеты, якія нарадзіліся ў 1931 годзе, сёння жыве ў раёне. Гэта, безумоўна, заслужаныя людзі, ветэраны працы, тыя, хто паднімаў разбураную вайной народную гаспадарку, хто перажыў няпростыя часы. Просім адгукнуцца дзяцей і ўнукаў равеснікаў газеты, дапамагчы нам распавесці пра вашых блізкіх.
А яшчэ спецыяльна ў гонар юбілею для вас, нашы паважаныя чытачы, мы аб’яўляем цікавыя конкурсы:
“Пажоўклыя старонкі” – мы ўпэўненыя, што ў многіх з вас у сямейных архівах ёсць старыя газетныя выразкі публікацый 10-ці, 20-ці, 30-гадовай даўнасці, а магчыма, і старэй. Перадавайце іх копіі ў рэдакцыю з аповедам пра тое, чаму вы іх захоўваеце, чым яны вам дарагія. Самыя цікавыя гісторыі будуць абавязкова апублікаваны.
“Разам з любімай раёнкай” – чакаем вашыя арыгінальныя фатаграфіі з газетай, якія будуць размешчаны і ў друкаваным выданні, і на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках, а колькасць “лайкаў” вызначыць пераможцаў.
“Рыфмай па газеце” – дасылайце вершы, прыпеўкі, прысвечаныя нашаму выданню. Лепшыя народныя творы будуць надрукаваны і адзначаны падарункамі.
Удзел у аб’яўленых конкурсах можна прыняць з 1 лютага па 15 красавіка. Вынікі падвядзем да юбілею, усе пераможцы атрымаюць памятныя падарункі.
Дарагія чытачы, нам вельмі важна, каб раённая газета была актуальнай і запатрабаванай, дзверы нашай рэдакцыі заўсёды для вас адчыненыя. Накіроўвайце нам свае пажаданні і прапановы, якія рубрыкі вы б хацелі бачыць часцей на старонках “раёнкі”, а ад якіх, на ваш погляд, нам лепш адмовіцца. Зваротная сувязь – залог нашага агульнага поспеху. А юбілейны год – цудоўная нагода пераасэнсаваць звычныя падыходы і шукаць новыя.
Галіна КАЗАК.






Оставить комментарий