Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з сустрэчы з губернатарам Смаленскай вобласці Васіліем Анохіным. Кіраўнік суседняга рэгіёна толькі сёлета пяць разоў наведваў нашу краіну.

Нашыя кааперацыйныя сувязі  трэба ўмацоўваць 

Вітаючы гасцей, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі і Смаленскай вобласці вельмі шмат агульнага і няма ніякіх праблем, каб супрацоўнічаць. Але трэба ўключаць дадатковыя хуткасці: тавараабарот Беларусі і Смаленскай вобласці ў 2023 годзе склаў 4,4 мільярда долараў, а ў студзені-верасні 2024 года ўзаемны гандаль склаўся ў памеры 3,1 мільярда. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Смаленская вобласць для Беларусі – гэта вароты ў вялікую Расію. Паводле яго слоў, неабходна разабрацца з прычынамі, па якіх тавараабарот падае і напружыцца, каб дасягнуць узроўню ў пяць мільярдаў долараў. Прэзідэнт вылучыў напрамкі, па якіх трэба больш працаваць для дасягнення гэтых мэт.

Гэта і стварэнне сэрвісных цэнтраў МАЗ, і абнаўленне парка пасажырскай тэхнікі, і пастаўкі дарожна-камунальнай тэхнікі.

Не менш перспектыўны напрамак – зборачныя вытворчасці “Бабруйскаграмаш” і Мотавелазавода. Паводле слоў Прэзідэнта, смалянам гэта патрэбна, а беларусам выгадна. Тым больш,  сельгастэхніка Смаленскай вобласці заўсёды будзе патрэбна. Рэгіён актыўна займаецца меліярацыяй, таксама як і Беларусь. “Калі трэба вопыт, дапамога недзе, каб з чагосьці пачаць – мы гатовы вам аказаць пасільную адпаведную дапамогу”, – прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Таксама ён прапанаваў супрацоўніцтва і па пастаўцы пажарных машын. Гэтую тэхніку беларускай вытворчасці ўжо купляюць Зімбабвэ, В’етнам, Кітай і іншыя краіны.

“Калі вы будзеце будаваць недзе дарогі, мы можам уключыцца. Жадаеце пад ключ, жадаеце на субпадрадзе”, – прапанаваў Прэзідэнт.

Яшчэ адно актуальнае пытанне –  станкабудаванне. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, многія расійскія рэгіёны зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі па гэтым напрамку.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мікраэлектроніка і станкабудаванне з савецкіх часоў было беларускай тэмай і мы маем тут поспех і нават у нечым апярэджваем расійскія рэгіёны. Тым больш, як заўважыў Прэзідэнт, у гандлі Беларусі і Смаленскай вобласці ніколі не было ніякіх праблем і перашкод.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што вельмі рады, калі смаляне купляюць беларускую прадукцыю і вязуць яе да сябе дадому ў вялікай колькасці. Па ягоных словах, лю-дзей падкупляе якасць прадукцыі і кошт. “Няма ніякіх праблем, каб нам супрацоўнічаць. Проста трэба не перашкаджаць людзям, а падтрымліваць, – пазначыў Прэзідэнт. – Тармажэння ў нас ніякага няма і не будзе з боку Беларусі. Але хуткасць… Час такі зараз, што трэба ўключаць дадатковыя хуткасці, каб нас не затапталі і не растапталі. Мы да гэтага гатовыя”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Галіна КАЗАК. Фота БелТА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о