Наш святы абавязак – памятаць

0
64

На Петрыкаўшчыне ў дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі і ўсіх спаленых беларускіх вёсак прайшла абласная патрыятычная акцыя “Рака памяці”.

Наш святы абавязак – памятаць

У гэтую журботную дату да помнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі “вогненных сясцёр” Хатыні, на працягу дня з’язджаліся прадстаўнікі ўлады, дэпутаты, актывісты грамадскіх арганізацый, працоўныя калектывы, сем’і неабыякавых жыхароў з дзецьмі, моладзь. Усе разам і кожны паасобку яны ўшаноўвалі хвілінай маўчання памяць тых, чые жыцці жорстка і бязлітасна адабралі нямецка-фашысцкія захопнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Страшны лёс Хатыні, калі ад вёскі застаецца толькі попел, на Петрыкаўшчыне раздзялілі 7 населеных пунктаў. Былі спалены 125 жыхароў вёскі Людзвіноў, 79 – Малых Ніў, 18 – Доўгіх Ніў, 1412 – Хвойні і бліжэйшых хутароў, 127 жыхароў Зарэчкі, 364 землякі ў Вялікіх Сялюцічах і 168 мірных жыхароў вёскі Беразнякі. У вёскі Малыя Нівы і Доўгія Нівы жыццё так і не вярнулася.

Наш святы абавязак – памятаць
Як адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў, які прыняў удзел ва ўшанаванні памяці мірных жыхароў у вёсцы Людзвіноў, гэты дзень быў і застаецца важнай і журботнай датай у гісторыі нашай краіны.
– Спаленыя мірныя людзі ў агні Хатыні сталі сімвалам генацыду беларускага народа. Сумную долю яе падзялілі і жыхары Людзвінова. Многія з іх не паспелі стварыць сем’і, не пазналі шчасця бацькоўства ці мацярынства. І менавіта таму памяць пра іх ніколі не павінна згаснуць у нас, іх нашчадкаў, бо сёння мы жывем пад мірным небам, будуем сучасную Беларусь і з аптымізмам глядзім у заўтрашні дзень толькі дзякуючы іх мужнасці і няскоранасці.
Наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка неаднаразова адзначаў, што беларусы здолеюць абараніць праўду аб вайне. І пакуль у краінах, якія Савецкая армія вызваляла ад фашызму, разбураюць магілы нашых дзядоў і прадзедаў – на роднай зямлі мы будзем будаваць новую Беларусь: аднаўляць гісторыю кожнага воіна, кожнай нявіннай мірнай ахвяры. Яны заўсёды будуць нашай ціхай журботнай памяццю.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о