Наш шчыры дзякуй – добрым працаўніцам

0
359

У раёне дадзены старт Рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, галоўная мэта якой – падзякаваць людзям, якія сваёй стараннай штодзённай працай павышаюць прэстыж працы ў аграрным сектары, дзе жывёлагадоўля адыгрывае вядучую ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны.

Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Алена Галеня на гэтым тыдні з прыемнай місіяй наведала малочнатаварную ферму КСУП “Запаветы Ільіча”, дзе падзякавала аператарам машыннага даення за добрасумленную працу, пажадала высокіх надояў і прываг. Ад райкама працаўніцам-перадавіцам прафсаюзны лідар уручыла каштоўныя падарункі.
Звяртаючыся да жывёлаводаў, Алена Галеня падкрэсліла важнасць вышэйназванай ініцыятывы, у рамках якой надаецца такая пільная ўвага людзям адной з вядучых спецыяльнасцей у вёсцы. Жывёлаводы, у такой жа ступені, як і механізатары, заслугоўваюць слоў падзякі за сваю справу, бо забяспечваюць асноўны грашовы даход у гаспадарцы.
– Усё, што сёлета напрацавана ў сельскагаспадарчай галіне Петрыкаўшчыны, – заслуга кадраў, якія ўносяць вялікі асабісты ўклад у агульны вынік. Акцыя па ўшанаванні лепшых жывёлаводаў, якая праводзіцца штогод, – добры прафесійны стымул для людзей, дзякуючы якім беларусы жывуць у дастатку, – пазначыла ў час размовы нашаму карэспандэнту Алена Фёдараўна.
Міні-інтэрв’ю герояў акцыі “Наш жывёлавод”:
Вера Анатольеўна Куландзіна:
– Усё прафесійнае жыццё працую аператарам машыннага даення. Прафесію жывёлавода лёгкай не назавеш, але мне падабаецца. Не ўяўляю сябе ў іншай галіне. Жыву, як і мае калегі, у Сялюцічах. Штодня ездзім на працу ў Бабунічы. Маю траіх дзяцей. Старэйшы сын жыве ў Мінску, малодшыя – школьнікі, вучацца ў 9-м і 6-м класах.
У сельскай гаспадарцы цяпер існуе праблема кадраў, хаця ў летні перыяд добрыя даярка і механізатар за старанную працу атрымліваюць годную заработную плату.
Дзякуй, што прыехалі да нас. Вельмі прыемна атрымаць падарункі і пахвалу за свае намаганні.
Марына Анатольеўна Каленік:
– З 1994 года працую ў сельскай гаспадарцы. Цяпер за мной замацавана 50 галоў дойнага статка. Імкнуся добрасумленна выконваць сваю працу, каб кароўкі былі накормленыя, напоеныя, утрымліваліся ў чысціні. Ведаю нораў кожнай, як і яны, дарэчы, добра вывучылі і адчуваюць мой характар і настрой. Сваю задачу разумею дакладна – дабівацца максімальнай вытворчасці малака гатункам “экстра”.
Каб павысіць надоі, трэба паляпшаць кармавую базу – гэта важна для паляпшэння эканамічных паказчыкаў гаспадаркі.
Наталья Мікалаеўна Барысава:
– Побач са мной працуюць не толькі вопытныя жывёлаводы, але і чулыя, уважлівыя людзі. У нас не бывае спрэчак, усё вырашаем мірам – гэта вельмі важна ў любым калектыве.
Вялікі дзякуй за ацэнку нашай працы, за падарункі, адкажу за ўсіх – нам вельмі прыемна. Хочацца пажадаць усім працаўнікам сельскай гаспадаркі здароўя і дабрабыту, усім землякам – міру і паразумення.
Без перабольшання, жывёлагадоўля – галіна сельскай гаспадаркі, у якой не бывае перапынку, і нават зніжэння рытму быць не павінна. Гэта свайго роду вечны рухавік – тут кожны дзень запоўнены напружанай працай, якая патрабуе ад працаўнікоў не толькі фізічных затрат, а і душэўнай увагі да сваіх гадаванцаў. Аднак пры адказным і сумленным стаўленні да абранай працы – пашана і ўвага землякам гарантавана.
Шчыры дзякуй, шаноўныя, за вашу нялёгкую працу.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о