Без перабольшання, Беларусь – найбуйнейшая ў Еўропе “зялёная” дзяржава. Больш за 40 працэнтаў тэрыторыі нашай краіны занята лясамі, з якіх амаль 66 працэнтаў – гэта елка і хвоя. Але, як вядома, тую ж хвойку яшчэ трэба выгадаваць. Папаўненнем насеннага фонду займаюцца ўсе без выключэння лясгасы. Спецыялісты лясной галіны нават зімой цэлымі тонамі збіраюць хваёвыя шышкі, здабываюць з іх насенне і закладваюць плантацыі сеянцаў. За сакрэтамі зімовага збору шышак карэспандэнт раёнкі адправілася ў лясныя ўгоддзі Мышанскага лясніцтва.
З ляснічым Георгіем Шатырыным дамовіліся аб сустрэчы загадзя, таму, не губляючы часу, трымаем курс на лесанасенную плантацыю №2 хвоі звычайнай 2-га парадку, 10 гектараў якой яшчэ ў 1990-х былі закладзены ў лясных угоддзях паблізу вёскі Мышанка заслужаным лесаводам Беларусі Іванам Прыхно.
Па дарозе вядзем размову пра тэхналогію збору шышак. Ужо ў пачатку займальнага аповеду ляснічага разумею: аказваецца, справа гэта нялёгкая і далёка не з кожнага семечка можна атрымаць, кажучы словамі спецыялістаў, якасны селекцыйны пасадачны матэрыял.
– Менавіта для атрымання якаснага селекцыйнага матэрыялу і была закладзена ў некалькі этапаў (з 1992 па 1996 год – заўв. аўтара) плантацыя элітных соснаў, – распавядае па дарозе да яе Георгій Уладзіміравіч. – Насенне, сабранае на падобных плантацыях, мае лепшы генатып, атрыманыя ад іх сеянцы ў працэсе росту будуць больш устойлівыя да захворванняў і шкоднікаў.
Нарыхтоўка сасновых шышак актыўнымі тэмпамі ідзе ў Петрыкаўскім лясгасе з пачатку снежня. Пры заданні – сабраць 4 тоны для вылучэння будучага насеннага матэрыялу, на сённяшні дзень нарыхтавана 3,5 тысячы кілаграмаў, і работы па нарыхтоўцы будуць працягвацца да сакавіка месяца, пазначыў ляснічы Мышанскага лясніцтва.
– Сабраны ўраджай мы адпраўляем у Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, дзе ў выніку складанага тэхналагічнага працэсу атрымліваюць якаснае палепшанае насенне. Між іншым, там жа, у цэнтры, знаходзіцца на захоўванні стратэгічны запас насення ад кожнага лясгасу краіны.
Дарэчы, з якаснага палепшанага насення ў тым ліку ў Петрыкаўскім гадавальніку вырошчваюць сеянцы як для ўласных патрэб, так і на продаж. Штогод каля 60 % новых насаджэнняў ад агульнага аб’ёму лясных культур, а гэта дзясяткі гектараў, на тэрыторыі Петрыкаўскага лясгаса ствараюцца з селекцыйнага пасадачнага матэрыялу. Прадукцыя гадавальніка карыстаецца вялікім попытам у калег з розных рэгіёнаў Гомельшчыны.
Для лесаводаў, тлумачыць Георгій Уладзіміравіч, галоўная задача – забяспечыць насеннем сябе, а продаж – гэта па рэшткавым прынцыпе. Цяпер у Рэспубліканскім селекцыйна-насенняводчым цэнтры ад нашага лясгаса захоўваецца чатырохгадовы запас насення. Гэта важна, бо не кожны год бывае ўраджайным.
Збор шышак, як пазначыў у час гутаркі наш суразмоўца, вядзецца не толькі на лесанасеннай плантацыі, але і ў іншых лесанасаджэннях, у месцах высечак. Здабытыя шышкі перапрацоўваюцца ў Залескім лясніцтве, дзе іх чысцяць, сушаць, здабываюць насенне і адпраўляюць на захоўванне ў Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр.
Як аказваецца, звычайна багаты ўраджай хвоя дае раз на тры-чатыры гады. Сезон нарыхтоўкі традыцыйна пачынаецца ў канцы лістапада. Многае залежыць ад надвор’я, зімы ў нас у апошні час сталі капрызныя – пры плюсавых тэмпературах шышка пачынае раскрывацца і ўжо не падыходзіць для збору.
А між тым, каб атрымаць адзін кілаграм хваёвых шышак, трэба пакласці ў кошык амаль 700 штук. “Выхад” насення, як распавёў ляснічы, звычайна складае каля аднаго працэнта. Гэта прыблізна дзесяць кілаграмаў з адной тоны шышак. Праца, што і казаць, карпатлівая, але і кошт насення немалы, таму яна варта таго. А яшчэ, практычна кожная семечка можа стаць у будучыні выдатным здаровым дрэвам, а разам – новым борам – нічога не скажаш, сур’ёзная матывацыя.
За цікавай і пазнавальнай гутаркай даехалі да лесанасеннай плантацыі. Вока цешыцца: дрэўцы тут усё аднолькавыя па вышыні, з акуратна падстрыжанымі верхавінамі. У гэтым, як аказваецца, крыецца тэхналагічная асаблівасць збору шышак.
– Соснам спецыяльна абразаюць верхавіны, каб яны не цягнуліся ўверх і было лягчэй збіраць шышкі, – тлумачыць ляснічы. – Яны пасаджаны так, каб свабодна праходзіла тэхніка. Міжраддзе перыядычна пераворваюць, каб не зарастала хмызнякамі.
На плантацыі звычайна працуюць лесаводы з лясніцтва на замацаваных за імі ўчастках. З зямлі ўраджай збіраюць на ніжніх узроўнях, а на верхніх – з дапамогай спецыяльнага пад’ёмніка, бяспечную работу якога забяспечвае трактарыст Мышанскага лясніцтва Уладзімір Рудзінскі (на фота). У дзень нашага візіту зборам шышак займаліся Мікалай Яцка і Ігар Герасіменка – лесаводы Залескага лясніцтва, спецыялісты вопытныя і дасведчаныя. Напрыклад, Ігар Уладзіміравіч, расказаў, што працуе ў галіне ўжо 30 гадоў.
– Шышка павінна адпавядаць стандарту, – падзяліўся лесавод. – Дыяметр не менш за 1,6 сантыметра ў самым шырокім месцы, шышка павінна быць моцнай, роўнай, не пашкоджанай шкоднікамі. Каб выканаць дзённую норму пры сёлетняй ураджайнасці, трэба сабраць не менш як 10 кілаграмаў шышак. Праца нялёгкая, патрабуе спрыту і ўважлівасці, але вока ўжо натрэніраванае і рука набітая. Тэхніка, вядома, задачу спрашчае, але тут важна не забываць пра меры бяспекі.
Аднак справе – час. Мікалаю Васільевічу і Ігару Уладзіміравічу трэба яшчэ набраць не адно вядро адборных шышак, таму, пажадаўшы плённай працы і добрага ўраджаю, развітваемся.
Ідучы па заснежанай лясной сцяжынцы, злавіла сябе на думцы, што пільна гляджу пад ногі – зусім не хочацца, нават выпадкова, пашкодзіць тое, што створана намаганнямі землякоў.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий