У сельгаспрадпрыемстве ААТ “Чалюшчавічы” праца кіпіць з самай раніцы. Кожны працаўнік гаспадаркі ведае, які вялікі сэнс мае работа аграпрамысловага комплексу не толькі для раёна, а і для ўсёй краіны.
Кіраўнік прадпрыемства Сяргей Ракіцкі не хавае, кожны дзень патрэбна быць у полі, адсочваць работу, кантраляваць, правяраць, дапамагаць.
Перад сустрэчай з Сяргеем Мікалаевічам ішоў дождж. “Для нашых культур гэта ўжо занадта. У ідэале, каб днём свяціла сонца, а ападкі ішлі ўвечары ці ноччу”, – пачаў размову кіраўнік гаспадаркі, праязджаючы па палях.
Сяргей Мікалаевіч адразу перайшоў да тэмы закладвання сенажу, адзначыўшы, што гэтай тэме надаецца належная ўвага. “У нашых умовах немагчымы пастаянны выпас буйной рагатай жывёлы або кармленне яе свежай травой у стойлах. Па гэтай прычыне ў летні час і ў пачатку восені адбываецца нарыхтоўка сенажу. Ён уяўляе сабой правяленую да 50-55 % вільготнасці рознатраўе. Пры гэтым вялікае значэнне мае дбайная прасушка травы і яе захоўванне ў анаэробных умовах. Такая нарыхтоўка і захоўванне сенажу дасць магчымасць захаваць карысныя ўласцівасці і вітаміны, якія неабходны жывёле ў зімовы перыяд. Кожная гаспадыня ведае: выгадаваць памідоры і агуркі ўлетку – гэта толькі частка справы. А каб зімой можна было паесці, гародніну трэба закансерваваць. Такую паралель я б прывёў і з сенажом. Кансервацыя, неабходная, калі не сказаць, галоўная частка нашай працы”.
Па словах Сяргея Ракіцкага, задача любога прадпрыемства – зарабіць грашовыя сродкі ад рэалізацыі малака. А вытворчасць малочнай прадукцыі – гэта працэс не з простых. На яго вынік могуць паўплываць і ўмовы надвор’я, і чалавечы фактар, заўсёды павінен быць план “Б”.
“Вытворчасць якаснага малака залежыць ад граматнага кармлення буйной рагатай жывёлы. Мы працуем над шырокай кармавой базай: у нас павінен быць сілас кукурузны, сянаж. Вырошчваем збожжа для вытворчасці камбікорму. У нас пасеяны пшаніца, авёс, жыта, трыцікале, авёс. Камбікорм па выніку маем розных відаў: К-61, КР-3, КР-1. На дадзены момант у нас закладзена 172 тысячы тон сена, больш за 9 тысяч тон сенажу”, – дадаў у канцы гутаркі Сяргей Мікалаевіч.
Пакуль дырэктар праглядаў, як працуюць яго падначаленыя, мы прыпыніліся ля поля.
Апрацоўкай кукурузы займаўся Леанід Мазай, перадавік вытворчасці. Работнік за свае поспехі не аднойчы станавіўся героем нашых публікацый. Цяпер, працуючы паэтапна то на культыватары-апырсквальніку КУП-8, які прызначаны для міжраднай апрацоўкі глебы з адначасовым унясеннем пестыцыдаў і ўгнаенняў пры апрацоўцы агароднінных і іншых сельскагаспадарчых культур, то на апырсквальніку самаходным пры дапамозе шлангаў-валачэння, мужчына не прапускае ні хвілінку, ведае, наколькі важная кукуруза для сельскай гаспадаркі.
Леанід нарадзіўся і вырас ў Чалюшчавічах. Тут і знайшоў сваё прызванне, калі прыйшоў на адпрацоўку пасля заканчэння Палескага сельгастэхнікума. Мужчына атрымаў адукацыю па спецыяльнасці механізацыя-электрафікацыя сельскай гаспадаркі. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, нарадзілі дачку.
“У Рэспубліцы Беларусь практычна ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы перайшлі на выкарыстанне вадкага мінеральнага ўгнаення КАС (карбаміда-аміячная сумесь) для падкормкі кукурузы. КАС змяшчае тры формы азоту (нітратны, аммонійны, амідны), якія ў комплексе забяспечваюць харчаванне раслін больш працяглы тэрмін. Якія вынікі ад ужывання КАС? Па-першае, павялічваецца ўраджайнасць збожжавых. Па-другое, гаспадарка эканоміць нямала сродкаў, якія былі ўкладзены ў іншыя перспектыўныя напрамкі нашай дзейнасці”, – агучыў працаўнік.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий