Чакаць сёлета прыдатнага надвор’я – значыць не паспець нідзе і нічога. Ласкавае сонейка не надта часта радуе аграрыяў Петрыкаўшчыны, аднак у перапынку паміж дажджлівымі і пагоднымі дзянькамі яны актыўна вядуць нарыхтоўку травяных кармоў.
Усе без выключэння гаспадаркі Петрыкаўшчыны ўключыліся ў працэс корманарыхтоўкі, разумеючы, што ў дадзеным выпадку дзень, як кажуць, год корміць. Травы першага ўкосу без уліку поймы давядзецца ўбраць з плошчы 17600 гектараў, з іх плошча шматгадовых траў на пашні – 9772 гектары, плошча сенакосаў і паш – 7288 гектараў.
З траў першага ўкосу, па інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васілія Кавальскага, запланавана вылучыць 14112 гектараў на сянаж, арыентуючыся на паказчык ураджайнасці мінулага года, плануецца нарыхтаваць 64 тоны гатовага сенажу.
На 16 чэрвеня асвоена 5,5 тысячы гектараў – 32% ад запланаваных, нарыхтавана сенажу – 15 тысяч тон, што складае 11% ад гадавога задання. Звезена з палеткаў 90% ад нарыхтаваных кармоў. Цяпер, як пазначылі ва ўпраўленні сельгасхарчу, асноўны ўпор робіцца на нарыхтоўку і закладку сенажу.
Гэтую акалічнасць пацвердзілі і ў СУП “Палессе-Аграінвест”, куды ва ўрочышча Бахмат аддзялення “Петрыкаў” завіталі карэспандэнты “раёнкі”.
У планах гаспадаркі – нарыхтаваць кармы на 1700 гектарах, з якіх сена – 900 тон, сенажу – 27000 тон і сіласу – 55000 тон.
На момант нашага прыезду сельгас-прадпрыемства скасіла траву першым укосам на 1250 гектарах, што складае 73,5 % да плана. Па словах агранома Кацярыны Махнаткінай, калектыў павінен справіцца з пастаўленай задачай якасна і ў вызначаныя тэрміны. Тэхніка была загадзя падрыхтаваная, ды і людзі нацэлены на вынік, які парадуе іх грашова, а гаспадарку забяспечыць кармамі.
Кожны дзень на адвозе задзейнічана 6 адзінак тэхнікі, 1 трактар зграбае траву ў валкі, 2 касілкі займаюцца касьбой, 2 адзінкі падбіраюць травяную масу з наступнай яе пагрузкай. Працэс адладжаны і даўно знаёмы аграрыям.
Што да чарговасці работы, то пасля ўкосу трава зграбаецца ў валок. Ёй даюць суткі “адпачыць”, каб вільготнасць складала 45-50 %, пасля чаго яна вывозіцца і закладваецца ў траншэі.
Зразумела, у працэсе нарыхтоўкі травяных кармоў на першы план выходзіць якасць, бо ад яе залежыць многае, у тым ліку і будучыя надоі.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Алена Асадчая пазначыла, што для атрымання якасных кармоў найбольш аптымальнымі тэрмінамі пачатку ўборкі траў з’яўляюцца наступныя перыяды: для злакавых – канец трубкавання і пачатак калашэння, для бабовых – фаза бутанізацыі і пачатак цвіцення. У гэты час у адным кілаграме сухога рэчыва ўтрымліваецца 0,86-1 кармавая адзінка.
– Своечасовая ўборка першага ўкосу гарантуе нам не толькі высокую якасць, але і атрыманне паўнавартасных другога і трэцяга ўкосаў. Уборка траў у аптымальныя фазы іх развіцця пры строгім захаванні тэхналагічных працэсаў нарыхтоўкі і захоўвання дазваляе павялічыць выхад кармавых адзінак і пратэіну на 25-30 %, а гэта, як вы разумееце, будучыя высокія надоі і прывагі, – дадала кіраўнік.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий