У школьнікаў пачаўся тыдзень восеньскіх канікулаў. Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” даведаліся, што запланавана на Петрыкаўшчыне для арганізацыі вольнага часу навучэнцаў.
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі Петрыкаўскага райвыканка-ма, у дваццаці ўстановах адукацыі пачнуць працу дзённыя выхаваўча-аздараўленчыя лагеры, у якіх пройдуць аздараўленне 385 дзяўчынак і хлопчыкаў. Групы арганізаваны для дзяцей 6-10 і 11-13 гадоў. У рамках лагераў для навучэнцаў запланаваны калектыўна-творчыя справы, экскурсіі, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, экалагічныя акцыі, работа валанцёрскіх атрадаў. На базе школ будзе арганізавана работа спартыўных залаў, камп’ютарных класаў, бібліятэк. Таксама ў непаўналетніх будзе магчымасць праявіць свае таленты і здольнасці ў вакальным, харэаграфічным напрамку. Класныя пакоі чакаюць жадаючых павысіць свой інтэлектуальны ўзровень, паўдзельнічаць у абласных, рэспубліканскіх конкурсах і праектах.
Петрыкаўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прапануе наведвальні-кам карэкцыйную гімнастыку ў групе лячэбнай фізкультуры для дзяцей ад 6 гадоў. Спецыяліст адзначае: падрыхтаваныя практыкаванні простыя і зразумелыя для дзяцей, значная частка заданняў будзе праходзіць у гульнявой форме.
Для падлеткаў, якія пажадалі праявіць лідарскія магчымасці, арганізавана работа раённага Савета старшакласнікаў на базе Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Жыццё ўдзельнікаў Савета насычана рознымі справамі. І гэта нядзіўна, бо адной з галоўных сваіх задач педагогі, якія працуюць з падлеткамі, лічаць прыцягненне кожнага з іх ў грамадскія справы, выхаванне адказнасці і самастойнасці.
На канікулах у дзіцячае жыццё павінны арганічна ўплятацца і заняткі фізічнай культурай. Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, фізкультурна-аздараўленчы комплекс прапануюць такую магчымасць і чакаюць прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота ўзята з сайта Курыціцкай сярэдняй школы.
Оставить комментарий