Наперад да новых дасягненняў

0
224

Выступленні творчых калектываў Петрыкаўшчыны мы бачым і чуем пра іх поспехі неаднаразова. А гэта праца цяжкая і патрабуе шмат сіл і энергіі як ад удзельнікаў калектываў, так і ад выкладчыкаў, якія ўсімі намаганнямі стараюцца даць сваім выхаванцам толькі самае лепшае: веды, вопыт, будучае.
Да такіх выкладчыкаў адносіцца Ірына Супруненка, якая ўсёй душой любіць сваю справу і за 29 гадоў педагагічнай працы за яе плячыма нямала перамог і вопыту.

Калі пачаўся ваш творчы шлях?
– У 1995 годзе скончыла Мазырскі музычны каледж (настаўнік па класе домры) і ў гэтым жа годзе прыйшла на працу ў Мышанскую дзіцячую школу мастацтваў (зараз філіял ДУА “Петрыкаўская дзіцячая школа мастацтваў”). У 2004 годзе я атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па той жа спецыяльнасці. Так склаўся лёс, што ў 2014 годзе я асвоіла яшчэ адну спецыяльнасць –харэограф-педагог. 3 2013 года працую настаўнікам па класе харэаграфіі.
– Калі быў створаны харэаграфічны ансамбль “Задорынкі”?
– У 2014 годзе на базе школы з’явіўся дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Задорынкі”. У студзені бягучага года мы адзначылі свой 10-гадовы юбілей вялікім справаздачным канцэртам.
У аснове рэпертуара ў нас заўсёды былі народна-сцэнічныя і дзіцячыя танцы, што з’яўляецца важным у выхаванні дзяцей, а таксама ў фарміраванні любові да народнай культуры. У нашай праграме прысутнічаюць таксама эстрадныя танцы і антуражная харэаграфія.
Накіраванне танцаў выбіраецца з улікам узросту і псіхалагічных асаблівасцей дзяцей.
Зараз у калектыў уваходзіць 20 дзетак рознага ўзросту: ад 6 да 13 гадоў.
– Чым сёння жыве калектыў і ў якіх мерапрыемствах прымае ўдзел?
– Увогуле, ансамбль жыве багатым творчым жыццём. Мы пастаянна ўдзельнічаем у розным мерапрыемствах, як раённых, так і абласных. Прымаем удзел у рэгіянальных конкурсах і святах дзіцячай творчасці, такіх як “Табе, наш край” у горадзе Мазыры, “Маленькі прынц” у горадзе Святлагорску.
З нядаўніх нашых узнагарод – Дыплом лаўрэата 1 ступені на фестывалі-конкурсе Dance Color Festival, які праходзіў у горадзе Гомелі – маштабным мерыпрыемстве ў свеце харэаграфічнага мастацтва. На ім прымалі ўдзел 23 творчыя калектывы. Мы актыўна ўдзельнічаем і ў міжнародных анлайн-конкурсах, але, канешне, дух спаборніцтва лепш адчуваецца на выязных конкурсах.
З новага вучэбнага мы маем 10 харэаграфічных пастановак. Зараз актыўна рыхтуемся да справаздачнага канцэрта, які пройдзе ў Петрыкаўскай дзіцячай школе мастацтваў у снежні.
Да кожнага выступлення дзеткі адносяцца адказна. Хацелася б выказаць падзяку бацькам за годнае выхаванне і дапамогу ў творчым жыцці дзяцей.
– Ці былі сярод вашых выхаванцаў тыя, хто звязаў сваё жыццё з мастацтвам?
– За час існавання ансамбля была выпушчана вялікая колькасць дзетак, некаторыя з якіх і зараз працягваюць творчы шлях. Аднымі з такіх выхаванцаў сталі Яна Супруненка і Ксенія Гвоздзь.
Яна Супруненка, скончыўшы Гомельскі каледж мастацтваў, прыйшла ў гэтым годзе да нас на працу і ўжо мае свае ўзнагароды ў міжнародных конкурсах, чым я вельмі ганаруся.
– Што дапамагае асабіста вам і вашым выхаванцам рухацца да новых вяршынь?
– Любоў да той справы, якой займаешся. Дзеці з радасцю наведваюць рэпетыцыі, з захапленнем і асаблівай адказнасцю рыхтуюцца да конкурсаў. Вялікую ролю адыгрывае і выкладчык, які займаецца з дзеткамі.
А яшчэ, у нашай справе галоўнае мець падтрымку. Хацелася б, карыстаючыся выпадкам, сказаць вялікі дзякуй адміністрацыі нашай школы, загадчыку сектара культуры райвыканкама Яне Мамровай за дапамогу ў арганізацыі мерыпрыемстваў, з транспартам, а бацькам – за дапамогу ў пашыве касцюмаў. Разам мы вялікая сям’я, якая моцная толькі таму, бо любіць сваю справу і імкнецца да новых вяршынь.

Наперад да новых дасягненняў

Анастасія КІСЕЛЁВА.
Фота з архіва школы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о