Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць чыгуначнікі. Каб даведацца, чым жывуць працаўнікі гэтай прафесіі, мы звярнуліся да дарожнага майстра 17-га акалодку станцыі Капцэвічы Калінкавіцкай дыстанцыі шляху Сяргея Кебца.
Яшчэ да ўваходу ў кабінет Сяргея Уладзіміравіча я сустрэўся з працаўнікамі чыгуначных шляхоў. Яны віталіся і з прыўзнятым настроем абмяркоўвалі працоўныя справы. Па ўсім было відаць, што пануе тут атмасфера добразычлівая.
– Наш калектыў налічвае 17 чалавек. Самы старэйшы работнік пачаў свой працоўны шлях чыгуначніка ў 1986 го-дзе, самы малады спецыяліст робіць са снежня мінулага года. Пераемнасць вопыту, таварыская падтрымка, на мой погляд, у значнай ступені і абумовілі ў калектыве паважлівыя адносіны і ўзаемаразуменне паміж калегамі. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што праца наша пераважна фізічная, часцяком даводзіцца спраўляцца з задачамі, як то кажуць, плячо да пляча, і гэта гуртуе людзей на карысць агульнай справы, – распачаў гутарку суразмоўца.
Мы не маглі не пацікавіцца, ці багата шкоды пакінуў пасля сябе шквалісты вецер, які адбыўся 14 ліпеня. “Клопатаў гэтая праява стыхіі нам прынесла небагата. Але на 6-ці пераездах нашага акалодку, дзе чыгунка скрыжоўваецца з аўтамабільнымі дарогамі, мы арганізавалі дзяжурствы, бо ў момант адлучэння электрычнага сілкавання святлафоры бесперапынна падаюць забараняючы сігнал.
Так, каб пазбегнуць блытаніны, нашыя спецыялісты дапамагалі вадзіцелям і сачылі за агульным парадкам. Сярод здарэнняў найбольш часта адбываецца выхад на шляхі дзікіх жывёл. Калі так здараецца, што састаў збівае лася, як гэта было ў апошні раз, на месца абавязкова накіроўваецца наш спецыяліст. Ён абавязкова выклікае міліцыю, прыродаахоўную службу, правярае састаў пасля экстранага тармажэння і, вядома, чыгуначнае палатно”, – адзначыў Сяргей Кебец.
Мужчына падкрэсліў, што галоўная задача чыгуначніка – забеспячэння бяспекі. Таму, апрача падтрымання належнага стану чыгуначнага палатна і гаспадаркі, замены брусоў і рэек, іншых рамонтных і прафілактычных работ, падкоскі прылягаючай да шляхоў тэрыторыі на ўчастку працягласцю ў 29 кіламетраў, спецыялісты галіны вядуць пастаянную тлумачальную работу сярод насельніцтва. “Мы сустракаемся з працоўнымі калектывамі, самае меншае раз у навучальную чвэрць сустракаемся з выхаванцамі навучальных устаноў. Апрача гэтага, ладзім разам з супрацоўнікамі ДАІ прафілактычныя акцыі, дзе адпрацоўваюцца чыгуначныя пераезды з мэтай прадухілення ДТЗ і ўмацавання транспартнай дысцыпліны сярод удзельнікаў дарожнага руху.
Таму самым лепшым падарункам для прадстаўнікоў нашай прафесіі, калі так можна выказацца, будуць абачлівыя паводзіны людзей на чыгунцы, да якіх ні ў якім разе нельга ставіцца абыякава”, – рэзюмаваў Сяргей Уладзіміравіч.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий