Надзённыя клопаты і перспектывы Мышанскага лясніцтва

0
176

На мінулым тыдні свой чвэрцьвекавы юбілей адзначыла Мышанскае лясніцтва.
Пра стан спраў у лясніцтве, напрацоўкі і перспектывы падраздзялення лясной галіны раёна нам распавёў ляснічы Георгій ШАТЫРЫН.

Лесаахоўная галіна на Петрыкаўшчыне пачала актыўна развівацца ў пасляваенны час. У выніку разбуйнення Капаткевіцкага лясгаса, які, між іншым, вядзе сваю гісторыю з 1940 года, створаны былі Бобрыкаўскае і Залескае лясніцтвы, у 1971 годзе – Секерыцкае, а ў 2000 – Мышанскае. Тэрыторыя Мышанскага лясніцтва дваццаць пяць гадоў таму была вылучана з Пціцкага лясніцтва. Яго кіраўніком стаў Адам Сяргеевіч Назараў. У свой час лясніцтва ўзначальвалі Аляксандр Дарынскі, Уладзімір Гурыновіч, а з лістапада 2023 – наш суразмоўца.
– Штат лясніцтва на сённяшні дзень – гэта 20 чалавек: лесаводы, лесарубы, вальшчыкі і майстры лесу, трактарысты і вадзіцелі. Менавіта намаганнямі гэтых людзей забяспечваецца парадак у лясным масіве, ахова замацаваных участкаў ад самавольнай парубкі і несанкцыянаваных звалак, пажарная бяспека, узнаўленне ляснога фонду.
Майстрамі лесу працуюць Дзмітрый і Крысціна Шамаль – сямейная пара, людзі вопытныя, сваю справу ведаюць добра і аддана ёй служаць.
Нялёгкая праца і ў нашых лесарубаў. Хачу падзякаваць Міхаілу Леўкаўцу і Міхаілу Коўшару за адказнасць і працавітасць. Са жніўня па сённяшні дзень яны працуюць на бураломах у Калінкавічах і Васілевічах.

Надзённыя клопаты і перспектывы  Мышанскага лясніцтва

Дзякуючы вопыту і майстэрству Уладзіміра Рудзінскага, Уладзіміра Цукрова, Юрыя Папка, які з верасня 2024 года па сённяшні дзень працуе на бураломах у Васілевічах, тэхніка лясніцтва падтрымліваецца ў спраўным стане, пры неабходнасці рамантуецца і якасна абслугоўваецца, – увёў у курс справы ляснічы.
Што да ўзаемадзеянне з насельніцтвам, то ніякіх пытанняў і скарг па пытанні забеспячэння апошніх дровамі на тэрыторыі Мышанскага лясніцтва няма. Суразмоўца адзначыў, што літаральна да снежня амаль кожны месяц у лясніцтве адгружалася па 200 кубаметраў дроў насельніцтву. На сённяшні дзень чаргі няма. Увогуле, у асенне-зімовы перыяд 2024/2025 года каля 140 землякоў былі забяспечаны драўняным палівам.
На пытанне, чым лясніцтва зай-маецца сцюдзёнымі лютаўскімі днямі, Георгій Уладзіміравіч распавёў наступнае:
– Першачарговая задача – збор шышак на насенне. З ёю мы спраўляемся з перавышэннем даведзеных паказчыкаў: пры заданні сабраць тону, ужо нарыхтавана 1,300 кілаграмаў. Да канца месяца, зыходзячы з гадавога задання, неабходна вырабіць 100 шпакоўняў. З прапановай далучыцца да высакароднай справы я звярнуўся да адміністрацыі Мышанскай школы. Нашу ініцыятыву падтрымалі. У вольны час, а таксама на занятках аб’яднання па інтарэсах рабяты з настаўнікам вырабяць парадка 20-30 шпакоўняў, якія ў наступным стануць утульнымі хаткамі для вешчуноў вясны – шпакоў і іншага птаства.
Сярод лютаўскіх планавых работ – агароджванне ўчасткаў лесапасадкі. У першыя гады ідзе масавае паяданне дзікімі жывёламі маладых лясных культур, таму на ўзроўні Міністэрства лясной галіны апошнім часам надаецца вялікае значэнне ахове насаджэнняў. Агароджаны ўчастак, як паказвае практыка, дае больш высокі працэнт захаванасці. Таму стараемся і тут. У параўнанні з мінулым годам загародзім плошчу ўдвая большую – 20 гектараў.
З марта месяца, як паведаміў Георгій Уладзіміравіч, пачнецца пасадка лесу, якая працягнецца пры спрыяльных умовах надвор’я да красавіка – пачатку мая. Сённяшняй вясной на тэрыторыі Мышанскага лясніцтва плануецца высадзіць 30 гектараў. З плошчай ўжо вызначыліся, глебу таксама падрыхтавалі, пасадачным матэрыялам, традыцыйна, забяспечвае петрыкаўскі гадавальнік. На пойменных участках запланавана пасадка дубоў, у лясным фондзе падрыхтаваны дзялянкі для саджанцаў сасны і бярозы. Штогод да высакароднай справы ўзнаўлення лясоў далучаюцца жыхары Мышанскага савета, школьнікі, калегі-пенсіянеры.
– Актыўна падключыліся да навядзення парадку ўздоўж трасы М-10, убіраем валежнік, ветравальныя дрэвы, – дзеліцца надзённымі клопатамі наш суразмоўца.
Што да планаў, то ёсць мара стварыць на базе лясніцтва дэндрапарк. Месца дазваляе, а прыгожых дэкаратыўных культур, якімі можна аздобіць месца для адпачынку і вывучэння расліннага свету, у гадавальніку лясгаса хапае. Да таго ж, на тэрыторыі лясніцтва ёсць невялікі пруд, што зробіць будучы аб’ект прывабным і для дробнага птаства, зноў жа такі, можна і рыбу запусціць. Дэндрапарк мог бы стаць месцам пазнавальна-адукацыйных экскурсій для навучэнцаў устаноў адукацыі, пашырэння і замацавання прафарыентацыйнай работы.
У юбілейны год для нашага лясніцтва хочацца пажадаць усім работнікам, сённяшнім і былым, моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, сямейнага шчасця і дабрабыту, а таксама росквіту ўсёй лясной галіне.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о