Праязджаючы ў гэтыя сакавіцкія дні па тэрыторыі раёна ўсюды заўважаеш, як на палях сельгаспрадпрыемстваў ідуць вяснавыя работы: узворванне, падрыхтоўка глебы пад сяўбу, падкормка азімых культур мінеральнымі ўгнаеннямі, сяўба ранніх яравых зернявых.

На днях на палях паблізу вёскі Людзвіноў мы пад’ехалі да трактарыста ААТ “Курыцічы”, які завяршаў культывацыю зямельнага ўчастка для сяўбы аўса. Аграрый не адмовіўся ад гутаркі з карэспандэнтам “ПН”, хаця прызнаўся: не прывык да павышанай увагі і куды больш упэўнена сябе адчувае ў кабіне трактара, чым перад аб’ектывам фотакамеры.
Андрэй Картыннік практычна пасля заканчэння Курыціцкай школы сеў за руль.
– Яшчэ са школьнай лавы вызначыўся, што мая будучая прафесія будзе звязана з тэхнікай, успамінае аграрый. – У старэйшых класах на вучэбна-вытворчым камбінаце я, як і многія мае аднакласнікі, адвучыўся на трактарыста. Гэта паўплывала на маё далейшае ўладкаванне жыцця – пайшоў трактарыстам у родны калгас, дзе працую ўжо каля дваццаці гадоў.
Андрэй Мікалаевіч падзяліўся, што працуе на сучасным “Беларусе” і яму вельмі падабаецца айчынная тэхніка: усё выдатна функцыянуе, у агрэгатах прадумана ўсё да дробязяў. За шаснаццаць гадоў у сельскай гаспадарцы сеў на другі трактар дадзенай маркі. Беларус 35 22, на якім працуе механізатар зараз, гэта высакаякасная тэхніка, а маючыя прычапныя агрэгаты дазваляюць быць аграрыю задзейнічаным у самых розных палявых працэсах. Яшчэ па меркаванні суразмоўцы, трактарыст не толькі павінен кіраваць тэхнікай але і ведаць у ёй толк: абслужыць яе, правесці рамонт, наладзіць прычапныя агрэгаты. Акрамя тэхнічных асаблівасцей, неабходна ведаць і асноўныя законы глебаапрацоўкі.
Затрымлівацца доўга за размовамі з намі Андрэй Мікалаевіч не стаў.
– Зямля не даруе прамаруджвання ў такі важны перыяд. Тэхніку чакаюць на іншых участках, – рэзюмаваў аграрый.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о