Штогод 4 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, людзі, якія ахоўваюць жыхароў краіны ад злачынных замахаў, сочаць за сітуацыяй на дарогах, забяспечваюць грамадскую бяспеку, выконваюць задачы па падтрыманні парадку і спакою ў краіне. Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” завіталі ў аддзяленне патрульна-паставой службы міліцыі АУС Петрыкаўскага райвыканкама, каб даведацца: чым напоўнены будні супрацоўнікаў, якія штодня патрулююць вуліцы Петрыкава.
Міліцыянеры гэтага мабільнага падраздзялення заўсёды аднымі з першых прыбываюць на месца здарэння. У поле зроку супрацоўнікаў так званы асаблівы кантынгент – хуліганы, дэбашыры, ды і проста шумныя кампаніі: адным весела, а іншым ад гэтага некамфортна.
Аляксей Хушкадамаў, камандзір аддзялення роты патрульна-паставой службы АУС Петрыкаўскага райвыканкама, старшы прапаршчык міліцыі як ніхто іншы ведае, што ў гэтай прафесіі слабых духам і характарам няма.
– На пасадзе з 2017 года, у свой час, а гэта больш за 20 гадоў таму, пачынаў з патрульна-паставой службы міліцыі – прайшоў шлях ад радавога да камандзіра, – успамінае супрацоўнік міліцыі. – Не хаваю, праца складаная, але падтрымкай служыць дружны, зладжаны і надзейны калектыў – калегі ва ўсім падтрымліваюць і ніколі не падводзяць.
– У аснове адносін супрацоўнікаў міліцыі – ўзаемадапамога, бо нарады часцей за ўсё парныя. Тут павінна працаваць правіла: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Службовыя сітуацыі бываюць розныя, у тым ліку непадпарадкаванне і супраціўленне супрацоўнікам міліцыі, таму патрэбныя дапамога і падтрымка таварыша, пачуццё надзейнага пляча побач. Ад узаемаразумення і ўзаемадзеяння залежыць уся наша служба, – дзеліцца Аляксей Сямёнавіч.
Камандзір аддзялення расказвае, што стандартны час нясення нарада – 8 гадзін, але калі быць дакладным і выключыць інструктаж і падвядзення вынікаў, атрымаецца ў сярэднім 6 гадзін на маршруце. За дзень супрацоўнік праходзіць не менш за 15 кіламетраў.
Аднак гэта не проста прагулка, а пільны кантроль: важна, каб не было парушэнняў. Калі здзяйсняюцца злачынствы, то патрульна-паставыя ўдзельнічаюць у затрыманні па прыкметах. Суразмоўца дзеліцца, што такіх правапарушэнняў стала ў разы менш, бо памянялася структура злачыннасці – у асноўным усе сышлі ў “інтэрнэт”.

Аляксей Сямёнавіч раіць землякам навучыцца прыгожа і шчасна адпачываць, бачыць у работніках правапарадку не нейкіх прадстаўнікоў каральнай арганізацыі, а сваіх памочнікаў. Магчыма, гэта таксама дапаможа змяніць жыццё землякоў да лепшага.
– Напярэдадні свята, хачу падзякаваць усяму асабістаму саставу нашай службы. Усім сваім калегам жадаю здароўя, сіл і поспехаў. Няхай кожны дзень прыносіць вам задавальненне ад выкананай працы. Грамадзянам – спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Памятайце, што міліцыя заўсёды на варце вашай бяспекі.
Супрацоўнікі рэдакцыі далучаюцца да віншаванняў! Жадаем усім супрацоўнікам міліцыі моцнага здароўя, поспехаў у працы і мірнага неба над галавой!
Марыя Тамко, фота аўтара.
Оставить комментарий