На мінулым тыдні старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер сустрэўся з насельніцтвам аграгарадкоў Бабунічы, Чалюшчавічы, вёскі Капцэвічы. Лейтматыў размовы – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
На мерапрыемствах прысутнічалі дэпутаты абласнога, раённых, мясцовых Саветаў дэпутатаў.
– Выбары з’яўляюцца неад’ем-ным атрыбутам дзяржаўнасці. Дзякуючы ім грамадзяне надзяляюць уладнымі паўнамоцтвамі тых, каму давяраюць, у кім бачаць свайго лідара, здольнага забяспечыць мір, развіццё і дабрабыт, – адзначыў прадстаўнік улады.
Віталій Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу, што галоўная задача грамадства – годна завяршыць год і пачаць наступны. Ад гэтага будуць залежаць шмат у чым і вынікі электаральнай кампаніі. Наступны 2025 год стане завяршальным у выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, паўстане неабходнасць падвесці вынікі і вызначыць далейшы стратэгічны курс развіцця краіны. Тут важная роля нацыянальнага лідара. Таму менавіта прэзідэнцкія выбары вызначаць напрамкі далейшага развіцця краіны.
Гаворачы пра дасягненні суверэннай Беларусі, старшыня райсавета адзначыў, што беларусы яшчэ ніколі не мелі такіх магчымасцей, як цяпер. У рэспубліцы стварыліся новыя высокатэхнічныя прадпрыемствы: Беларуская АЭС, кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”, завод “БелДжы”. Гэта значыць, што адкрыта сотні тысяч працоўных месцаў, забяспечана эканамічная незалежнасць краіны і яе палітычны суверэнітэт. Пашыраецца наша роля ў касмічнай сферы. На арбіце – чатыры беларускія спадарожнікі. Атрымалі другое дыханне такія галіны, як мікраэлектроніка, прыборабудаванне, станкабудаванне.
Не сакрэт, што пэўныя сілы шукаюць магчымасць расхістаць сітуацыю перад выбарамі. У ход ідуць правакацыі, кібератакі, распаўсюджванне фэйкаў, спробы ўцягвання беларусаў у дэструктыўную дзейнасць. Краіна прымае ўсе магчымыя меры процідзеяння, як следства – мір і спакой на тэрыторыі краіны.
– Нязменным нацыянальным брэндам Беларусі застаецца сацыяльная дзяржава, якая праяўляе клопат аб грамадзянах, актыўна развіваючы сацыяльную сферу, – адзначыла падчас сустрэчы ў аграгарадку Чалюшчавічы дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Людміла Гошка.
Пра гэта сведчыць і падпісаны Прэзідэнтам краіны Указ “Аб сацыяльнай падтрымцы”. У дакуменце адлюстраваны папраўкі па выплатах для шматдзетных сем’яў і бацькоў дзяцей інвалідаў, зняты абмежаванні па памеры пенсіі працуючым пенсіянерам, прадоўжана дзеянне Праграмы сямейнага капіталу. Папраўкі вызначылі адраснасць дзяржаўнай дапамогі для некаторых слаёў насельніцтва.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий