І на працы – матулі

У пачатку тыдня раённы Дом культуры ва ўрачыстай абстаноўцы сустракаў пераможцаў раённага спаборніцтва па дасягненні найлепшых паказчыкаў у рабоце. На сцэну для ўзнагароджання падымаліся прадстаўнікі ўсіх сфер жыццядзейнасці, тыя, хто сваім стаўленнем да працы робіць наша жыццё ўпэўненым і надзейным. Апладысментамі, цёплымі поглядамі, шчырымі словамі падзякі суправаджаўся выхад на сцэну загадчыцы педыятрычнага аддзялення Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Іны Баранавай. Дзіцячы ўрач атрымала ўзнагароду для ўсяго калектыву аддзялення за якаснае медыцынскае абслугоўванне дзяцей раёна і выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў.

У першы дзень працоўнага тыдня ў педыятрычным аддзяленні раённай бальніцы не да журналістаў. Агляд маленькіх пацыентаў, выпіска, афармленне прыбыўшых хворых. Па прызнанні загадчыцы Іны Баранавай – такі рытм у яе і яе калег штодзённы: спакойных і размераных дзён не выпадае. На лячэнні ў аддзяленні знаходзіцца асаблівая катэгорыя – дзеці, што патрабуе ад усяго калектыву сабранасці, асаблівых уменняў і навыкаў. Нягледзячы на шчыльны графік, Іна Уладзіміраўна знайшла час для размовы і дала магчымасць пазнаёміцца з работай аддзялення.
– Аддзяленне разлічана на 15 ложкаў. Але, пры неабходнасці, на маючыя дадатковыя ложкі прымаем і больш маленькіх пацыентаў. Ніводнае дзіця раёна не застанецца без увагі. Калектыў клапоціцца пра тое, каб усім пацыентам была аказана своечасовая і неабходная дапамога, – адзначае ў пачатку гутаркі Іна Уладзіміраўна.
Са слоў загадчыцы: члены калектыву – звёны аднаго ланцужка. Усе працуюць не адзін дзясятак гадоў, што гаворыць аб правільнасці выбранага шляху. У аддзяленні працуюць шэсць медыцынскіх сясцёр: старшая – Марыя Валынец, паставыя – Ала Кублік, Алена Немеш, Ніна Голік, Наталля Грышчанка, Наталля Карабец. Усе маюць адпаведную адукацыю, кваліфікацыі. Сястрынскі персанал зарэкамендаваў сябе годна ў прафесійным плане. Нягледзячы на існуючы стаж і вопыт медыкі надаюць увагу самаадукацыі, з’яўляюцца ўдзельнікамі семінараў, практыкумаў, канферэнцый рознага ўзроўню. А сама загадчыца ў 2022 годзе была прызнана на Петрыкаўшчыне лепшай па прафесіі. Пасля зносін з медыкамі становіцца зразумелым: усіх іх са школьнай лавы прыцягвала праца з дзецьмі і пра свой выбар ніхто не пашкадаваў ні дня. Жанчыны ў белых халатах перажываюць за кожнае дзіця. Усмешкі і даверлівыя вочы малых надаюць ім сілы і зараджаюць энергіяй. Але бываюць моманты, калі акрамя прафесійных якасцей трэба праявіць і цярпенне, знайсці індывідуальны падыход, праявіць чалавечыя адносіны. Як прыклад: зрабіць укол, паставіць кропельніцу – не кожны дарослы спакойна пераносіць дадзеныя працэдуры. Часта пасля такіх прыёмаў трэба пашкадаваць, прылашчыць малога. Бывае, што і мамам трэба тлумачыць неабходнасць сваіх дзеянняў.
Знаходзячыся ў аддзяленні, заўважаем, што праца арганіза-вана ў нагу з часам. Ёсць неабходнае медыцынскае абсталяванне, функцыянуюць дзве палаты павышанай камфортнасці, у якіх ёсць халадзільнае абсталяванне, тэлевізар, санвузел. Пры жаданні матулі з дзецьмі за пэўную плату могуць знаходзіцца тут падчас лячэння.
З уступленнем у сілу Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” жыццё ўнесла свае карэктывы ў працу калектыву. Час ад часу ўсім ім даводзіцца станавіцца, свайго роду, матулямі, калі ў біялагічных бацькоў на час адбіраюць дзяцей з-за пагрозы жыццю і здароўю. Лёс такіх дзяцей розны: хтосьці размяркоўваецца ў дамы сямейнага тыпу, нехта – у апякунскія сем’і. Хаця ўсе жанчыны аддзялення чакаюць, што мама выправіцца і забярэ дзіця. А пакуль непаўналетнія ў аддзяленні – увесь персанал іх сям’я.
– Для нас вельмі важна стварыць для дзяцей утульную хатнюю атмасферу. І ў гэтым вялікая заслуга малодшага медыцынскага персаналу. У санітарак аддзялення Вольгі Дзерабінай, Тамары Віднік, Наталлі Маркавец, Святланы Сокал працы заўсёды шмат: у палатах павінна быць ідэальная чысціня. У іх абавязкі ўваходзіць і догляд за дзецьмі, іх ранішні і вячэрні туалет, змена бялізны. Прытым, што некаторыя дзеці маюць патрэбу ў спецыяльным доглядзе, – працягвае гутарку Іна Уладзіміраўна. – Не лёгкая місія ляжыць на плячах сястры-хазяйкі Таццяны Пракапенка, якая зай-маецца гаспадарчай часткай і арганізоўвае ўсё неабходнае для бесперапыннай працы ў бытавых пытаннях. Важныя абавязкі ў рабоце раздатчыц буфета: акрамя разноскі страў, шматлікіх дзяцей трэба пакарміць, а некаторых – угаварыць паесці. У Ірыны Берднік, Святланы Сокал, і да нядаўняга зыходу на заслужаны адпачынак Людмілы Прыкоты – усё гэта атрымліваецца і атрымлівалася. Нягледзячы на цяжкую працу, усе гэтыя людзі працуюць не першы год і знаходзяцца на добрым рахунку, захоўваюць ветлівасць, душэўную мудрасць, спагадлівасць. І абавязкова – любоў да дзяцей.
Гаворачы пра высокую ўзнагароду, якую атрымаў калектыў, Іна Уладзіміраўна не хавае – галоўны фактар іх якаснай працы ў тым, што кожны на сваім месцы. Усе яны – адна каманда, членам якой часта даводзіцца “забываць”, што дома іх чакаюць дзеці і родныя. Яны разумеюць: трэба знаходзіцца з тымі, хто хварэе, і лячыць не толькі лекамі, а і цеплынёй сваіх сэрцаў.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о