У мінулую суботу ў райцэнтры на вуліцы Базарнай было шматлюдна: з самай раніцы тут ішоў жвавы гандаль. Прапанаваную арганізацыямі, фермерамі і прыватнікамі разнастайную прадукцыю – рыбу, бульбу, капусту, моркву, цыбулю, памідоры, гуркі, садавіну і шмат чаго яшчэ – пакупнікі набывалі з задавальненнем.

На Петрыкаўшчыне працягваецца сезон восеньскіх кірмашоў

На працягу верасня і кастрычніка штотыдзень у райцэнтры праходзяць пашыраныя продажы садавіны і гародніны. А як іначай, ранняя восень – традыцыйны час, калі ўсе жадаючыя могуць зрабіць зімовыя запасы сельгаспрадукцыі на кірмашах па прымальных цэнах.

У мінулую суботу, каб вывучыць попыт і прапановы, кірмаш наведала карэспандэнт раённага выдання.

Шпацыруючы паміж гандлёвымі радамі, заўважылі, што гараджане даволі актыўна разбіралі ячмень і пшаніцу з аўтамашын ААТ “Курыцічы” і прыватнікаў. Па словах землякоў, гэта, бадай, адзіны тавар, попыт на які пакуль не задаволены – збожжа хапае далёка не ўсім жадаючым, разбіраецца яно хутка, нярэдка па папярэдняй замове, таму добра было б арганізаваць больш шырокі продаж такога запатрабаванага тавару.

Доўгая чарга была каля прылаўка з жывою рыбай. Тут попыт і прапановы супалі – юшка на суботнім стале пасля наведвання кірмашу была, верагодна, у многіх гараджан.

Набытую прадукцыю асобныя прадаўцы прапаноўвалі абсалютна бясплатна даставіць пакупнікам дадому па завяршэнні гандлю. Для некаторых землякоў такая прапанова была дарэчы, таму з задавальненнем ёю карысталіся.

Традыцыйна гандлявалі сваёй прадукцыяй і прыватнікі з Брэстчыны – яны частыя госці ў райцэнтры, іх садавіна і гародніна карыстаецца попытам, бо праверана не адным сезонам. Не праходзілі пакупнікі міма прадукцыі прыватнікаў са Століншчыны: засяроджана выбіралі саджанцы пладовых дрэў і вінаграду, руж і іншых кветак.

Былі на кірмашы і землякі, якія гасцінна прапаноўвала натуральны мёд з уласных пчалапасек, гародніну, сакавітыя яблыкі, арэхі і зеляніну.

Не варта забываць, што кірмашы – гэта яшчэ і час прыемных сустрэч, шчырых і задушэўных размоў. Таму, пакуль адны рабілі карысныя і патрэбныя пакупкі, іншыя бавілі час за размовамі. Галоўнае, усе засталіся задаволеныя – і прадаўцы, і пакупнікі, і проста мінакі. Спадзяемся, што на наступных кірмашах усе жадаючыя набудуць сельгаспрадукцыю ў дастатковай колькасці і па прымальным кошце.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о