Нарыхтоўка зялёнай масы – справа стратэгічнай важнасці.
У раёне працягваецца нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. Красавік, як і першая палова мая, цешылі надвор’ем, мелася вільгаць у глебке – гэтыя фактары і паскорылі рост траў. У сельгаспрадпрыемстве ААТ «Чалюшчавічы» разумеюць: нарыхтоўка зялёнай масы на корм – справа стратэгічнай важнасці.
“Нельга прапусціць самую прадуктыўную фазу, калі ў травах утрымліваецца больш за ўсё вітамінаў, бялкоў і пратэінаў. Важныя менавіта пажыўныя кармы, – распавёў падчас сустрэчы дырэктар прадпрыемства Сяргей Ракіцкі. – Для гэтага створаны атрад для нарыхтоўкі зялёнай масы, у полі дзяжурыць аграном на аўтамабілі, каб аператыўна аказаць неабходную механізатарам дапамогу”.
Паводле слоў Сяргея Мікалаевіча, для нарыхтоўкі кармоў падрыхтаваны траншэі, дзе трава будзе кансервавацца, а потым запакоўвацца плёнкай. Праз 30 дзён сянаж можна будзе ўжо даваць на корм жывёле.
“Нам даведзены план: пакласці сянажу 17500 тон за два ўкосы. Спадзяемся на спрыяльнае надвор’е. Ніхто не ведае, якім будзе наступны год, таму мы працуем на паўтарагадавы запас кармоў”, – агучыў Сяргей Ракіцкі.
На полі ля аграгарадка Чалюшчавічы пад цёплымі промнямі майскага сонца ўжо вяліліся скошаныя травы.
З самай раніцы энерганасычаны трактар з айчыннымі касілкамі-плюшчылкамі па зялёных прасторах вёў механізатар Віталь Кананчук (на фота).
Мужчына родам з вёскі Сякерычы, маці працавала таксама ўсё жыццё ў аграпрамысловым комплексе. Мужчына пасля заканчэння школы ў 1986 годзе прыйшоў працаваць у сельскую гаспадарку. Шматдзетны бацька сцвярджае: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Графік у работніка зараз насычаны, ад світання да заходу сонца ён за рулём FS80-2. Цяпер механізатар заняты на зборы зялёнай масы, у разгар лета перасядзе за штурвал збожжаўборачнага камбайна. Па словах Віталя Уладзіміравіча, заработная плата годная, усе звышурочныя аплачваюцца. Да таго ж, абед прывозяць у поле. «Рамантыка ў гэтым свая таксама ёсць».
На палях ААТ “Чалюшчавічы” ўсё працуе зладжана. Для дасягнення аптымальнай вільготнасці на полі працуюць граблі-валкавальнікі, яны праводзяць варушэнне травы. Затым ідзе здрабненне прыбранай культуры, закладка атрыманай масы ў траншэі з наступнай трамбоўкай.
“Тэхналогія нарыхтоўкі кармоў насамрэч не складаная. Досыць спраўляцца ў тэрмін з пастаўленымі задачамі, сачыць за іх выкананнем. Ад таго, якім сянажом, сенам, сіласам у гаспадарках запоўняць сховішчы, шмат у чым будзе залежаць далейшая дынаміка ў жывёлагадоўлі. У апошнія гады наша галіна дэманструе ўстойлівы рост. У аснове гэтага – трывалая кармавая база”, – падсумаваў кіраўнік прадпрыемства.
Наталля ПЯТРУШЭНКА,
фота аўтара.
Оставить комментарий