15 жніўня, загадам начальніка Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь генерал-маёрам Аляксандрам Шэпелевым на пасаду начальніка Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы быў прызначаны маёр міліцыі Уладзімір Забродзкі.
Звяртаючыся да асабістага саставу Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксандр Святаслававіч адзначыў: “Хацелася б выказаць словы падзякі былому кіраўніку аддзялення Руслану Сцяпанаву і павіншаваць яго з прызначэннем на вышэйстаячую пасаду. Кожны член Петрыкаўскага аддзялення павінен усведамляць, што за бездакорнай службай начальніка стаіць і зладжаная праца ўсяго калектыву”.
Да прысутных звярнуўся старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Кохан: “Дазвольце павіншаваць Уладзіміра Анатольевіча з назначэннем і пажадаць плённай службы на карысць Петрыкаўшчыны і ўсёй Беларусі. Жадаю ўсёй камандзе Дэпартамента аховы працягваць слаўныя традыцыі, што ўжо склаліся, і няхай выездаў і сутыкненняў з злачынствамі будзе меней”.
Уладзімір Забродзкі нарадзіўся ў Петрыкаве. Пасля вучобы ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў звязаў свой лёс з Петрыкаўскім раённым аддзелам унутраных спраў. Працягваў сваю службу ў мясцовым аддзяленні аховы. Тут ён прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да старшага інспектара групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартаўнічай аховы. Цяпер яму даручана кіраваць падраздзяленнем.
Мерапрыемства працягнулася ўручэннем Падзяк начальніка Дэпартамента аховы і памятных нагрудных знакаў “70 год Дэпартаменту аховы МУС” спецыялістам і супрацоўнікам Петрыкаўскага структурнага падраздзялення.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий