На першым месцы – уменне працаваць з людзьмі

0
742

Напярэдадні прафесійнага свята фармацэўтаў мы завіталі да загадчыка аптэкі № 96 Гомельскага РУП “Фармацыя” ў пасёлку Капцэвічы Валянціны Паўтаран.

На першым месцы – уменне працаваць з людзьмі– Родам я з вёскі Макарычы, дзе і скончыла базавую школу. Калі навучалася ў старэйшых класах у райцэнтры, то канчаткова вырашыла, што жадаю звязаць сваё жыццё з фармацэўтыкай. Не магу сказаць, што быў нейкі адметны момант, які аказаў на мяне ўплыў у выбары прафесіі. Насупраць, з кожным годам да мяне прыходзіла ўсё больш глыбокае разуменне, што гэтая справа мне прыйдзецца па душы. Калі казаць простымі словамі, то менавіта ў прафесіі фармацэўта спалучаліся такія якасці як пільнасць, дакладнасць і жаданне дапамагаць людзям.
Так я і паступіла ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча, што зараз ужо мае статус каледжа, – распачала гутарку аптэкар.
Скончыўшы навучальную ўстанову ў 1995-м годзе, Валянціна Мікіцічна трапіла на сваё першае працоўнае месца асістэнтам фармацэўта ў Капцэвічы. Праз два гады была пераведзена на пасаду выконваючай абавязкі загадчыка аптэкі ў Лучыцах, а яшчэ праз паўтара гады перабралася ўжо ў Петрыкаў, дзе працавала фармацэўтам-рэцэптарам.
У 2002-м годзе жанчына сустрэла сваё каханне, стварыла сям’ю і перабралася да мужа ў Капцэвічы. Калі 7 гадоў таму пасада загадчыка мясцовай аптэкі стала вакантнай, Валянціна Паўтаран вярнулася на сваё першае месца работы. Зараз жанчына – шчаслівая маці траіх дзяцей і напярэдадні прафесійнага свята яна будзе прымаць самыя шчырыя віншаванні ад дачок Вольгі і Ксеніі і сына Андрэя.
Да рэчы, Валянціну Мікіцічну можна назваць яшчэ і пачынальніцай дынастыі, бо старэйшая дачка Вольга таксама паступіла ў тую ж навучальную ўстанову, што калісьці скончыла яе маці. Зараз 21-гадовая дзяўчына працуе фармацэўтам-рэцэптарам у Магілёве. Сын Андрэй звязаў свой шлях з лясной гаспадаркай, а малодшая дачушка Ксюша пакуль яшчэ навучаецца ў школе.
Трэба дадаць, што пэўны ўплыў Валянціна аказала, верагодна, і яшчэ на аднаго блізкага чалавека: “Наша старэйшая сястра Марыя стала медыцынскай сястрой, а вось малодшая – Вера, таксама пайшла па шляху фармацэўта і зараз працуе ў Петрыкаве. Але я б не зводзіла яе выбар на карысць свайго прыкладу. Усё ж, на першым месцы ў нас заўсёды былі ўласныя перакананні”, – разважае Валянціна Паўтаран.
На пытанне, што самае складанае ў вашай прафесіі, суразмоўца адказвае: “Ведаеце, якой бы ні была складанай навука, якія б высокія патрабаванні да нашай кампетэнцыі ні ставіліся, усё ж, у першую чаргу, не толькі фармацэўты, але і прадстаўнікі многіх галін нашага грамадства павінны ўмець працаваць з людзьмі. Магчыма, медыкам у гэтым плане больш складана за астатніх, бо людзі прыходзяць да нас, у большасці сваёй, ужо з праблемамі са здароўем. Нехта хвалюецца, нехта засмучаны… І да кожнага ва ўмовах абмежаванага часу трэба абавязкова знайсці свой падыход, часам дапамагчы не толькі медыцынскім прэпаратам, але і словам. Разам з тым, з кліентамі мне пашанцавала – людзі ў Капцэвічах вельмі добрыя. Іншая справа, што ў менталітэце беларусаў, напэўна, уменне шкадаваць сябе не ў прыярытэце. Такія ўжо мы ёсць: калі працуем, дык шчыра і моцна, часам не зважаючы на здароўе”, – разважае фармацэўт.
Напрыканцы нашай гутаркі Валянціна Паўтаран пажадала калегам моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў і выказвае ўдзячнасць фармацэўтам Петрыкашчыны за іх шчырую працу.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о