Увесь лістапад у Петрыкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі будзе дзейнічаць выстава жывапісу і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Палатно і дрэва”.

Экспазіцыя сабрана з твораў ураджэнца вёскі Макарычы, мастака Івана Перарэжкі. Да творчых захапленняў Івана Паўлавіча абавязкова трэба дадаць і разьбярства па дрэве, таму на выставе кожны будзе мець магчымасць пазнаёміцца з праявай мастацтва ў розных тэхніках: жывапісам, драўлянай скульптурай, пано.

На карцінах прадстаўлены краявіды роднага горада і навакольных вёсак, таму наведвальнікі абавязкова адчуюць цеплыню і духоўнае яднанне з родным краем. Тэма гісторыі таксама адлюстравана на яго палотнах: буйныя кірмашы, што адбываліся ў нашым мястэчку напачатку ХХ стагоддзя, старажытны замак, што знаходзіўся на месцы сучаснага гарадскога парка і Свята-Узнясенская царква – усё гэта захавалася для гісторыі ў мастацкіх творах земляка.

Чэрпае натхненне мастак у маляўнічай прыродзе роднага краю. Шмат увагі Іван Перарэжка надае галоўнай рацэ Палесся – Прыпяці. На мастацкіх выявах вяслярская база, лодачная станцыя, караблі і суднарамонтны завод, нават ужо амаль што міфічная “Ракета”, што калісьці хадзіла па рацэ, забяспечваючы транспартнае спалучэнне паміж многімі рэгіёнамі Палесся. Прадстаўнікі маладога пакалення могуць даведацца пра гэта хіба што з аповедаў старэйшых сваякоў, але на карцінах такія сюжэты нібы ажываюць.
Драўляныя скульптуры захапляюць сваёй вобразнай глыбінёй і дэталізаванасцю. Здаецца, што аўтар зафіксаваў у імгненні менавіта той самы характэрны момант, які і з’яўляецца сутнасцю сюжэта.

На выставе кожны сустрэне нешта цікавае, таму прапануем наведаць музей і ўзняць сабе настрой у гэтыя пахмурныя лістападаўскія дні.

Вераніка СУХАДОЛАВА,
галоўны захавальнік фондаў Петрыкаўскага музея.
Фота аўтара.






Оставить комментарий