26 чэрвеня – Дзень работнікаў пракуратуры. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з пракурорам Петрыкаўскага раёна Андрэем Лявончыкам, каб даведацца пра дзейнасць раённай пракуратуры, пра задачы, якія стаяць перад дзяржаўным органам.
– Андрэй Аляксандравіч, адным з найважнейшых напрамкаў у дзейнасці пракуратуры, з’яўляецца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян. З якімі пытаннямі маеце справу?
– Работнікі пракуратуры сутыкаюцца з парушэннямі працоўнага, прыродаахоўнага, зямельнага заканадаўства. Праводзяцца праверкі выканання жыллёвага заканадаўства, законнасці прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці органамі, упаўнаважанымі на прыняцце такіх рашэнняў, захавання правоў і інтарэсаў непаўналетніх. Таксама мы надаём вялікае значэнне нагляду за сельгаспрадпрыемствамі і арганізацыямі. Выязджаем з маніторынгамі, правяраем выкананне працоўнага заканадаўства, захаванне дзяржаўнай маёмасці і рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў. Безгаспадарчасць і халатныя адносіны работнікаў да сваіх абавязкаў прыводзяць да значных фінансавых страт і іншых непрыемных наступстваў.
– Які стан законнасці і правапарадку ў раёне?
– Законнасць і парадак у раёне знаходзяцца на належным узроўні. Адзначу, што ўзровень злачыннасці знізіўся за 5 месяцаў бягучага года ў 1,5 раза. У мінулым годзе здзейснена 128 злачынстваў, сёлета – 78.
– Якая праца праводзіцца пракуратурай Петрыкаўскага раёна па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа?
– У работнікаў пракуратуры гэта тэма ў ліку прыярытэтных. На сённяшні дзень скончана работа па ўстанаўленні дадзеных загінуўшых мірных грамадзян, жыхароў раёна і ў цэлым па колькасці загінуўшых. Устаноўлена, што ў Петрыкаўскім і Капаткевіцкім раёнах загінула 6197 чалавек. Большасць з іх былі спалены ў ходзе карных аперацый, нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Больш за 4 тысячы было ўстаноўлена пайменна. Найбольш трагічным з’яўляецца прыклад вёскі Хвойня Лучыцкага сельскага Савета. 29 сакавіка 1942 года было знішчана фашыстамі каля 1,5 тысяч чалавек. У гады Вялікай Айчыннай вайны Хвойня была знішчана цалкам. Больш за 3 тысячы жыхароў вёскі загінулі. На сённяшні момант вядзецца праца па ўстанаўленні дадзеных і колькасці асоб, якія былі закатаваныя ў гета і іншых месцах прымусовага ўтрымання насельніцтва, размешчаных на тэрыторыі Петрыкаўскага і Капаткевіцкага раёнаў.
– Напярэдадні прафесійнага свята раскажыце пра ваш калектыў?
– Калектыў у нас невялікі. Але ў ім працуюць прафесіяналы сваёй справы: намеснік пракурора Алег Паўлавіч Мінаў, які добрасумленна і адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. Бездакорна выконвае абавязкі па службе, не лічачыся з асабістым часам, памочнік пракурора Алена Андрэеўна Панасейка.
– На ваш погляд, якімі асабістымі якасцямі павінен валодаць работнік пракуратуры?
– Я лічу, самае галоўнае – сумленнасць і прыстойнасць. Неабходна годна выконваць свой службовы абавязак. Прафесіяналізм пракурорскага работніка найперш праяўляецца ва ўменні кантактаваць з людзьмі. Наша работа такая, што даводзіцца ўплываць на людскія лёсы. Гэта вельмі адказна. Чалавечнасць, тактоўнасць – тыя якасці, без якіх нам нельга. Вельмі важны давер людзей да пракурора, пракурорскіх работнікаў і, увогуле, да пракуратуры. А давер ёсць, калі ў рабоце прысутнічае сумленнасць. Нашы задачы скіраваны на дабрабыт чалавека і грамадства. Калі людзі звяртаюцца з сур’ёзнымі праблемамі, мы павінны дапамагчы.
Супрацоўнікі пракуратуры штодня вырашаюць складаныя прафесійныя задачы, знаходзячыся на варце інтарэсаў дзяржавы і людзей. Усе напрамкі дзейнасці – галоўныя, але ў пэўны перыяд асобныя становяцца прыярытэтнымі.
– І па традыцыі вашы пажаданні калегам?
– Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, мірнага неба над галавой, поспехаў у працы на карысць нашай любімай Радзімы Рэспублікі Беларусь.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий