Мяняем чэкі “Маёмасць” на акцыі

0
269

Тэрмін абарачэння імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць” прадоўжаны па 31 снежня 2025 года.
Як вядома, імянны прыватызацыйны чэк “Маёмасць” з’яўляецца дзяржаўнай каштоўнай паперай, якая сведчыць аб праве грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на частку дзяржаўнай маёмасці, якая прыватызуецца. Налічэнне чэкаў “Маёмасць” ажыццяўлялася з 1994 года. Заканадаўча быў вызначаны тэрмін афармлення і тэрмін выдачы чэкаў – 31 снежня 1996 года і да 1 ліпеня 1997 года адпаведна. Тыя грамадзяне, якія ва ўстаноўлены тэрмін не паспелі аформіць сертыфікаты чэкаў “Маёмасць”, страцілі сваё права на іх атрыманне.
Як сёння распарадзіцца чэкамі «Маёмасць»? Ці можна іх купіць у кагосьці, калі хочацца набыць пабольш акцый – з гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Наталлі Петрушэнка.

Мяняем чэкі “Маёмасць” на акцыі

– Цяпер для абмену на чэкі “Маёмасць” прапануюцца акцыі адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у розных сферах вытворчасці і аказання паслуг. Пры абмене грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права выкарыстоўваць чэкі, выдадзеныя ім асабіста, а таксама атрыманыя па дагаворах дарэння або па спадчыне ад блізкіх сваякоў: бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясцёр, унукаў, бабуль, дзядуляў, свякрухі, свёкра, цесця і цешчы. Пры гэтым варта ведаць, што дорацца і ўспадкоўваюцца толькі чэкі, выдадзеныя блізкім сваякам, але ў суме не больш за 250 імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць”, на працягу ўсяго перыяду бязвыплатнай прыватызацыі. Таму сёння купляць чэкі не мае сэнсу.
Акцыянернае таварыства па рашэнні агульнага сходу акцыянераў можа выплачваць акцыянерам дывідэнды, памер якіх залежыць ад эфектыўнасці работы прадпрыемства. Пры гэтым кожны ўладальнік акцый атрымлівае дывідэнды суразмерна колькасці прыналежных яму акцый.
– Дзе можна абмяняць чэкі “Маёмасць” на акцыі прадпрыемстваў?
– Абмяняць імянныя прыватызацыйныя чэкі “Маёмасць”, якія належаць грамадзянам, на дзяржаўныя акцыі можна ў падраздзяленнях ААТ “ААБ Беларусбанк”, якія выконваюць названыя аперацыі. Там жа ёсць магчымасць азнаёміцца са спісам акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх прапануюцца да набыцця ў абмен на чэк, і інфармацыяй пра гэтыя таварыствы. Пры звароце неабходна прад’явіць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і сертыфікат чэкаў “Маёмасць”.
Кансультацыйна-даведачную інфармацыю пра абмен чэкаў “Маёмасць” на акцыі акцыянерных таварыстваў можна атрымаць па нумары тэлефона 147.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о