“Мой бацька дайшоў да Берліна, добраахвотнікам удзельнічаў у штурме Рэйхстага”

0
203

У майскія дні напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, у кожнай сям’і ўспамінаюць родных, якія абаранялі краіну ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў. Мы памятаем пра гераізм і ахвяры, якія прынеслі нашы продкі, і ганарымся іх подзвігамі, якія назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Вось і сям’я ветэрана Аляксандра Іванавіча Драйгала свята захоўвае памяць пра яго.

Прызнаюся шчыра, трымаючы ў руках альбомы 1941-1946 гадоў, прабягаюць мурашкі па скуры. Мой суразмоўца распавёў падрабязна пра ўсе баявыя заслугі свайго бацькі, Аляксандра Іванавіча, пра самы запаветны і радасны 1945-ты.
Тата Уладзіміра Аляксандравіча быў камандзірам аддзялення сувязі ўзвода ўпраўлення палка. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, інвалід 2 групы па раненні ў нагу сустрэў перамогу ў Берліне.

Уладзімір Аляксандравіч вельмі трапятліва захоўвае памяць не толькі ва ўспамінах, але і ва ўнікальным, створаным сваімі рукамі музеі. Памяць, што назаўсёды пакінула свой след у кожным з нас…Гледзячы на здымкі, медалі і ўзнагароды, трапляеш у тую атмасферу, тыя страшныя ваенныя гады.

– Мой бацька нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Грабаў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён быў зусім малады, яму было 19 гадоў. З першага дня вайны ён быў прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі. Быў адпраўлены на Украіну, дзе скончыў школу камандзіраў сувязі. Яго баявы шлях у бітвах з ворагам праходзіў праз Харкаўскую вобласць, Харкаў, Калач на Доне, Сталінград, Арол, Курск.
Як мы ведаем, Сталінградская бітва з’яўлялася лёсавызначальнай для ўсяго зыходу Другой сусветнай вайны, так як спыніла спробы пранікнення ворага на Кубань, Паўночны Каўказ і Ніжняе Паволжа. Страта гэтых зямель з іх прыроднымі багаццямі азначала б страту ўсёй Радзімы. Па напружанасці бітваў гэтая – перасягнула ўсе папярэднія бітвы сусветнай гісторыі. Удзельнічала ў ёй звыш 2,1 мільёна чалавек з абодвух бакоў і доўжылася яна практычна з бесперапынным боем амаль 200 дзён і начэй. З першага і да апошняга дня ўсёй бітвы, абараняючы Сталінград, знаходзіўся ў баі наш зямляк.

Па ўспамінах Аляксандра Іванавіча, пасля жорсткага налёту і абстрэлу фашыстамі на полі бою заставалася вялікая колькасць параненых.

Нямецкае камандаванне было ўпэўнена ў хуткім захопе Сталінграда. І сапраўды, у пачатку бітвы стварылася пагроза прарыву ворага да Волгі. Войскі Паўднёва-Заходняга фронту неслі вялікія страты і не маглі спыніць рух нямецка-фашысцкіх войскаў на ўсход. На подступах да Сталінграда дадаткова будаваліся чатыры абарончыя абводы. У гэтых умовах 28 ліпеня 1942 года да войскаў Сталінградскага і іншых франтоў быў даведзены загад Сталіна: “Нямецкія акупанты рвуцца да Сталінграда, да Волгі і хочуць любой цаной захапіць Кубань з яе нафтавымі і хлебнымі багаццямі… Адступаць далей – значыць загубіць сябе і загубіць разам з тым нашу Радзіму… З гэтага вынікае, што пара скончыць адступленне. Ні кроку назад! Такі заклік нашай Радзімы! Выканаць гэты загад –значыць адстаяць нашу зямлю, выратаваць Радзіму, вынішчыць і перамагчы ненавіснага ворага. Загад прачытаць ва ўсіх ротах. Загад № 227 Народнага камісара абароны І.Сталіна”.

– Нягледзячы на ўпартае супраціўленне савецкіх войскаў, 23 жніўня суперніку ўдалося прарваць абарону, падысці да сярэдняга абводу горада. Немцы кінулі на горад армаду бамбавікоў – за адзін дзень было зроблена больш за 2 тысячы самалётавылетаў. Паветраныя налёты за ўсю вайну не дасягалі такой сілы. Велізарны горад, які расцягнуўся на 50 кіламетраў, быў ахоплены полымем. Бітва прымала жорсткі характар. Спробы ворага прарвацца да Волгі абыходзіліся стратамі. Толькі за першыя 10 дзён верасня каля сцен Сталінграда немцы страцілі 24 тысячы чалавек забітымі, знішчана 500 танкаў, збіта больш за 60 самалётаў. Гэта выклікала незадаволенасць Гітлера.

На другім этапе абарончай аперацыі, які пачаўся 13 верасня і працягваўся 75 дзён і начэй, праціўнік чатыры разы пераходзіў да штурму горада, спрабуючы захапіць яго з ходу. Баі ў горадзе працягваліся практычна кругласутачна. Нашы войскі пераўзыходзілі немцаў у пытаннях маскіроўкі і былі больш вопытныя ў барыкадных баях.

Чацвёрты штурм Сталінграда пачаўся 14 лістапада. Становішча арміі праціўніка было цяжкім, налічвалася асабовага складу 47 тысяч чалавек, каля 800 адзінак зброі і 19 танкаў. Немцы былі ўражаны тым, што рускія не здаюцца, змагаюцца да апошняга салдата, апошняй кулі. План нямецкага камандавання на лета 1942 года быў сарваны. 20 лістапада 1942 года войскі Сталінградскага фронту перайшлі ў наступленне. На працягу першага дня, дзякуючы стралковым дывізіям “Кацюшы”, артылерыя і мінамёты прарвалі абарону ворага. Рухомыя злучэнні Паўднёва-Заходняга і Сталінградскага франтоў, выйшаўшы ў раён Калач, Марынаўка, завяршылі акружэнне нямецкіх войскаў. 30 лістапада былі блакіраваны нямецкія групоўкі. У гэтай аперацыі гэтак жа прымаў удзел мой бацька, – пазначыў наш суразмоўца.

Гітлер адзначыў: “Забараняю капітуляцыю! Армія павінна ціснуцца да апошняга чалавека”. Звыш 40 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў склалі зброю. Мой бацька распавядаў, што бачыў, як увялі палоннага Паўлюса і іншых афіцэраў ў Бікетаўку (прыгарад Сталінграда) . Баявыя дзеянні на беразе Волгі спыніліся. Сталінградская бітва завяршылася бліскучай перамогай Савецкіх Узброеных Сіл. Яна паклала пачатак карэннаму пералому ўсёй Другой сусветнай вайны ў цэлым. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 снежня 1942 года, малодшаму сяржанту Аляксандру Іванавічу Драйгалу за ўдзел у абароне Сталінграда, 4 верасня 1943 года ўручаны медаль “За абарону Сталінграда” (на фота).

Далейшы баявы шлях нашага земляка ляжаў праз Курскую і Арлоўскую вобласць.
Ён быў удзельнікам ключавой падзеі Другой сусветнай вайны – Бітвы на Курскай дузе. У гэтай бітве ўдзельнічала каля двух мільёнаў чалавек, 6 тысяч танкаў, 4 тысячы самалётаў. Сілы Чырвонай Арміі сарвалі наступленне сіл вермахта і разграмілі яго. Гэтая бітва дала пачатак вялікай савецкай наступальнай аперацыі, з якой пачалося вызваленне краіны ад нямецкіх захопнікаў.
Бітва працягвалася 50 дзён. 23 жніўня 1943 года – Дзень разгрому савецкімі войскамі нямецкіх войскаў у Курскай бітве.

Затым Аляксандр Іванавіч удзельнічаў у аперацыі “Баграціён” (23 Чэрвеня — 29 жніўня 1944 года), вызваляў Беларусь ад нямецкіх захопнікаў: Гомель, Добруш, Рагачоў, Калінкавічы. Фарсіраваў Днепр у раёне Рагачова. Затым быў перадыслацыраваны на раку Буг у раён горада Кавыль. Удзельнічаў у вызваленні Варшавы і дайшоў да Берліна. За выдатныя баявыя дзеянні пры прарыве моцна ўмацаванай абароны немцаў на захад ад Кавыля з выхадам да ракі Заходні Буг загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза Іосіфа Сталіна яму была аб’яўлена падзяка. Гэтак жа 14 верасня 1944 года была аб’яўлена падзяка ад Іосіфа Сталіна за ўдзел у баях па авалоданні крэпасцю Прага – прадмесцем Варшавы, важным апорным пунктам абароны немцаў на ўсходнім беразе ракі Вісла.

29 студзеня 1945 года Вярхоўным Галоўнакамандуючым Савецкага Саюза Іосіфам Сталіным аб’яўлена падзяка за выдатныя баявыя дзеянні пры ўварванні ў Германію.

– Мой бацька прымаў удзел у штурме Рэйхстага. Гэта аперацыя Чырвонай арміі супраць нямецкіх войскаў па авалоданні будынкам Германскага парламента. Праводзілася на завяршальным этапе Берлінскай наступальнай аперацыі з 16 красавіка па 2 мая 1945 года. 27 красавіка 1945 года камандзір палка 1957 знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады, у якім служыў Аляксандр Іванавіч, звярнуўся з пытаннем, ці жадае хто-небудзь пайсці добраахвотнікам на штурм Рэйхстага ў тыл ворага. У групу ўвайшлі камуністы і камсамольцы. Знайшлося 9 чалавек, а ўвогуле з брыгады – 30 чалавек. Іх адвезлі ў корпус, дзе былі іншыя добраахвотнікі. Перад імі выступіў генерал Пераверткін і даў баявое заданне. З надыходам цемры ў ноч з 27 на 28 красавіка з раёна Маабата група рушыла ў раён Рэйхстага. Ішлі ўсю ноч, на досвітку пайшлі ў атаку. На подступах да Рэйхстага немцы абстрэльвалі іх з верхніх паверхаў будынкаў. Іх засталося 6 чалавек, яны трымалі абарону ў разваленым доме, па чарзе выскоквалі ў атаку. Праз прабоіну ў сцяне Аляксандра Іванавіча параніла асколкам у нагу. Ён, цяжка паранены, не змог удзельнічаць у чарговай атацы. Группа працягвала далейшае выкананне баявой задачы.

Сцяг на Рэйхстагу быў усталяваны і замацаваны 30 красавіка, аднак гітлераўцы яшчэ працягвалі супраціўленне, страціўшы верхнія паверхі. Раніцай 2 мая нямецкі гарнізон капітуліраваў.

– За ўдзел у баях пры штурме Рэйхстага мой бацька ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга (на фота), а таксама яму абвешчана падзяка (на фота) ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага савецкага саюза Сталіна, і за баявыя дзеянні пры штурме Рэйхстага. Уся наша сям’я ганарыцца подзвігамі нашага прадзядулі, дзядулі, бацькі, які праявіў адвагу і гераізм.
Вайна прайшла праз кожную сям’ю. Мы памятаем і ганарымся подзвігамі нашых землякоў, якія змагаліся за свабоду і мір.

 

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о