8 снежня 1999 года лідары Расіі і Беларусі падпісалі Дагавор аб утварэнні Саюзнай дзяржавы. За пройдзеныя гады інтэграцыйны праект Масквы і Мінска прайшоў вялікі шлях і ператварыўся ў сапраўдны стратэгічны саюз.

Перадумовы да інтэграцыі дзвюх дзяржаў узніклі адразу пасля распаду СССР. Беларусь, у адрозненне ад шэрагу постсавецкіх краін, не  стала дэманстраваць нейкага негатыўнага стаўлення да Расіі, а з перамогай Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе ўзяла курс на збліжэнне з брацкім народам. У пачатку 1995-га па ініцыятыве Прэзідэнта адбыўся рэферэндум, на якім беларусы падтрымалі пункты аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, адобрылі крокі да эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Праз два гады краіны-суседкі заключылі Дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі, які быў накіраваны на ўмацаванне адносін братэрства і супрацоўніцтва. Дакумент паказаў сваю жыццяздольнасць, што прывяло да стварэння, чвэрць стагоддзя таму, Саюзнай дзяржавы.

Эфектыўнасць такога саюза пацвярджаюць узрастаючыя эканамічныя паказчыкі. Сёлета тавараабарот паміж краінамі перавысіў 37 мільярдаў долараў. Для Расіі Беларусь з’яўляецца чацвёртым гандлёвым партнёрам у свеце з доляй амаль дзевяць працэнтаў. Дзякуючы інвестава-ным сродкам, на тэрыторыі нашай краіны функцыянуюць каля 2,5 тысячы кампаній з расійскім удзелам. Паглыбляецца ўзаемадзеянне ў энергетыцы, працягваецца працэс стварэння аб’яднаных рынкаў наф-ты і газу, падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, аховы здароўя.

Інтэграцыя з Расіяй прыносіць прыкметны плён Беларусі на глабальным узроўні. Краіна заявіла пра сябе ў касмічнай сферы, уступіла ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, стала краінай партнёрам БРІКС. Важная падзея – размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, што, безумоўна, прымусіла недружалюбныя  краіны інакш ставіцца да нашай краіны.

На мінулым тыдні ў Мінску Прэзідэнты Расіі і Беларусі падпісалі дагавор аб гарантыях узаемнай бяспекі і аб’явілі пра хуткае размяшчэнне ў Беларусі ракетнага комплексу “Арэшнік”. Як адзначыў расійскі лідар, такое рашэнне вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны суверэнітэту краін, а Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дакумент прадэманстраваў беспрэцэдэнтны ўзровень стратэгічнага саюзніцтва і каардынацыі дзеянняў у ваеннай галіне.

Беларусь і Расія – дзве незалежныя краіны, і пытанні адзінай Саюзнай дзяржавы абмяркоўваюцца пры захаванні гэтай суверэннасці. Прыемна адзначыць, што адносіны паміж суседзямі пашыраюцца, умацоўваюцца, мы становімся бліжэй ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Сёння можна з упэўненасцю канстатаваць, што такі саюз з’яўляецца ўзорам таго, як, нягледзячы на любыя цяжкасці і складаныя сусветныя працэсы, можна і трэба ісці наперад з брацкім народам.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о