У чацвер, 18 ліпеня, у аграгарадку Ляскавічы адбылася дыялогавая пляцоўка “Моцны лідар – гарант стабільнасці і бяспекі дзяржавы: да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь” у рамках работы рэспубліканскай інфармацыйнай групы.
Перад супрацоўнікамі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” у якасці галоўнага спікера выступіў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, кандыдат медыцынскіх навук Генадзь Балбатоўскі.
Напачатку мерапрыемства Генадзь Мікалаевіч адзначыў, што месца наведвання было ім абрана не выпадкова: яго кампетэнцыі тычацца, у тым ліку, і пытанняў развіцця турызму, бо Беларусь вядомая за мяжой сваімі якаснымі і таннымі паслугамі аздараўленчых устаноў.
Выступленне спікера пачалося з экскурсу да гістарычных падзей недалёкага мінулага, калі разваліўся СССР і былыя савецкія дзяржавы стаялі, літаральна, перад сацыяльна-палітычнай прорвай. “Многія заходнія эксперты тады прапанавалі кардынальныя меры, кшталту сумна вядомай потым “шокавай тэрапіі” і шляху да ўлады алігрархату. Але Беларусь абрала іншую будучыню, ажыццявіўшы пераход у сваім палітычным уладкаванні да прэзідэнцкай рэспублікі.
Моцная ўлада дазволіла забяспечыць рост эканомікі, харчовую і экалагічную бяспеку ў краіне. Зараз мы можам ганарыцца не толькі нашымі буйнымі прадпрыемствамі, прадукцыя якіх стала вядомай па ўсім свеце, але і магутнымі сумеснымі вытворчасцямі, створанымі разам з краінамі-партнёрамі”.
Асаблівую ўвагу Генадзь Балбатоўскі звярнуў на своечасовае рэфармаванне сацыяльнай сферы жыцця грамадства. З аднаго боку ўдалося захаваць самыя важныя гарантыі, як то бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і адукацыю. З другога боку дзяржава ніколі не забывала і пра паляпшэнне якасці жыцця беларусаў. Доказам таму з’яўляецца індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу ў Беларусі.
“Вопыт нашай дзяржавы, як маладой, па мерках гісторыі, прэзідэнцкай краіны, з’яўляецца ва многіх кірунках унікальным. І важна тое, што суседнія краіны як з усходу, так і з захаду, па прашэсці гадоў прызнавалі рашэнні Прэзідэнта слушнымі і надзвычай эфектыўнымі. У якасці прыкладу можна прывесці сітуацыю, звязаную з каранавірусам. У той час, як эканоміка многіх краін літаральна прыпынілася, нашыя прадпрыемствы працавалі. Значна меншай за суседзяў была і доля захварэлых на кавід”.
Дзякуючы рашэнню кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі была захавана і аздараўленчая сістэма, у той час як у 2007 годзе былі прапановы пра існаванне ў Беларусі ўсяго 10 санаторыяў. Зараз у галіне стабільна працуюць 100 санаторна-курортных арганізацый на 28 тысяч месцаў, якія штогод наведваюць больш 200-от тысяч іншаземцаў.
Летась дзяржава дасягнула рэкорднай лічбы турыстаў у 1 мільён 400 тысяч чалавек, а сума экспарту склала каля 100 мільёнаў долараў” – адзначыў Генадзь Мікалаевіч.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні с санаторна-курортным лячэнні насельніцтва пацікавіўся, ці ёсць на тэрыторыі Нацыянальнага парку свідравіны мінеральнай вады? Намеснік генеральнага дырэктара па навукова-даследчай рабоце прыродаахоўнай установы Андрэй Бяспалы адказаў, што такіх у “Прыпяцкім” налічваецца дзве, створаныя яны былі яшчэ ў другой палове ХХ стагоддзя і зараз запламбіраваны. Генадзь Балбатоўскі прапанаваў звярнуць увагу на гэты аспект: мінеральныя воды і адпаведнае лячэнне карыстаюцца попытам як сярод суайчыннікаў, так і гасцей з замежжа.
Перад прысутнымі выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Пілер. Віталь Уладзіміравіч падзякаваў землякам за вытрымку і разуменне сітуацыі, якая склалася пасля шквальнага ветру 14 ліпеня. Акрамя гэтага была даведзена інфармацыі па ліквідацыі разгулу стыхіі, дапамозе Гомельшчыне спецыялістаў экстранных служб з іншых рэгіёнаў, а таксама прыбыўшай тэхніцы па энергазабеспячэнні з Расійскай Федэрацыі.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий