У рэдакцыю “Петрыкаўскіх навін” паступіў званок ад камандзіра батальёна курсантаў ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту маёра Сяргея Цімашкова, які расказаў пра нашага таленавітага і здольнага земляка.
Радавы Дзмітрый Паўлючок, курсант навучальнага ўзвода ВТ-21 ваенна-транспартнага факультэта УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту” нарадзіўся і вырас у Петрыкаве, закончыў сярэднюю школу №1. Менавіта ў школьныя гады падчас правядзення прафарыентацыйнай работы прадстаўнікамі ваенна-транспартнага факультэта, Дзмітрый зразумеў, што прафесійны шлях да залатых пагонаў афіцэра – яго шлях.
У 2023 годзе юнак вызначыўся з планамі: паступіць на ваенна-транспартны факультэт “Беларускага дзяржаўнага універсітэту транспарту”, дзе цяпер курсант праяўляе сябе з найлепшага боку, карыстаючыся аўтарытэтам сярод кіраўніцтва факультэта і таварышаў па службе. Навучаецца наш малады зямляк па спецыяльнасці “Кіраванне сістэмамі транспартнага і аўтатэхнічнага забеспячэння (аднаўленне і будаўніцтва транспартных камунікацый)” у інтарэсах Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Якасна, з карысцю для сябе і ваеннай справы асвойвае вучэбную праграму, прымае актыўны ўдзел у навуковай дзейнасці. Дзмітрый з’яўляецца прызёрам універсітэцкай алімпіяды па дысцыпліне “Інжынерная геалогія”, удзельнікам студэнцкай навукова-тэхнічнай канферэнцыі і рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Вехі гісторыі. Духоўнасць і патрыятызм”. Атрымлівае падвышанае грашовае забеспячэнне.
Асаблівае месца ў яго жыцці займае спорт: паспяхова ўдзельнічае ў спаборніцтвах па гіравым спорце, мае першы дарослы разрад па гэтым відзе спорту. Сярод дасягненняў у дадзенай галіне лічацца: перамога ў турніры горада Гомеля сярод ВНУ, а таксама бронзавыя медалі ў спартакіядзе ваенных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі, адкрытым рэспубліканскім турніры памяці Валянціна Доўбні, кубку Гомельскай вобласці.
Уваходзіць у склад роты ганаровай варты ваенна-транспартнага факультэта, якая ўжо даўно з’яўляецца візітнай карткай Гомельшчыны.
Да ўсяго іншага, бярэ ўдзел у творчай дзейнасці, выступае на ўрачыстых мерапрыемствах розных маштабаў. У яго актыве – удзел у рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”, XI міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”, абласным форуме студэнцкіх талентаў “Зімовая вясёлка”.
На факультэт Дзмітрый Паўлючок прыйшоў падрыхтаваным і перспектыўным маладым чалавекам і, дзякуючы ўмовам, створаным камандзірамі і начальнікамі, змог раскрыць і рэалізаваць свой патэнцыял у многіх напрамках, з’яўляючыся прыкладам для таварышаў па службе.
“Адзіны спосаб рабіць вялікую працу – любіць тое, што робіш”, – менавіта так курсант Дзмітрый Паўлючок характарызуе свой шлях.
Запісала Марыя Тамко, фота з архіва героя.
Оставить комментарий