Днямі давялося наведаць гарадскія могілкі, што знаходзяцца на ўсходнім ускрайку горада. Апрача пашкоджаных ці адсутных пралётаў агароджы, увагу прыцягнула мясцовая прыбіральня.
Пра чысціню тут гаварыць не выпадае, адну з кабінак для свайго гнязда аблюбавалі восы. Вакол пабудовы, па перыметры плота, які таксама пашкоджаны, ляжыць рознае смецце, сухія галіны дрэў, пластмасавыя бутэлькі і кветкі.
У той час, калі я фатаграфаваў адзначаныя недагляды, да мяне падышла жанчына і пачала размову. Зямлячка таксама была абурана станам, у якім зараз знаходзіцца прыбіральня, заўважыўшы, што месца пахавання – гэта даніна памяці жывых сваім продкам і тут павінен быць узорны парадак. “Не буду наракаць толькі на адказныя службы, не мала знаходзіцца і гараджан, якія неахайна ставяцца да могілак. Прыбіраюць пахаванні блізкіх і кідаюць смецце літаральна за плот.
Што тычыцца прыбіральні, то я лічу, калі браць да ўвагі недагледжаны стан пабудовы, аб’ект увогуле можна было б перанесці далей. Балазе прастора вакол зрабіць гэта дазваляе. Я не ведаю нормаў, вызначаных па гэтай частцы заканадаўствам, але сыходжу з нормаў чалавечых: давайце паставім сябе на месца людзей, родныя якіх тут пахаваныя… “Каму б спадабалася такое суседства, калі праз некалькі крокаў ад магілы – прыбіральня?..”, – падзялілася меркаваннем жанчына. І з ёю цяжка не пагадзіцца.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий