Многія лета вам, паважаная Ганна Якаўлеўна!

0
417

У суботу, 15 лютага, свой 100-гадовы юбілей адзначыла жыхарка райцэнтра, ветэран працы Ганна Якаўлеўна Новік.

Кіраўніцтва раёна, тэрытарыяльнага цэнтра сацыльнага абслугоўвання насельніцтва, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і партыі “Белая Русь” завіталі да залатой юбіляршы, каб павіншаваць з прыгожай датай і пажадаць моцнага здароўя.
Жыццё, даўжынёю ў век, было, зразумела, розным: перажыла наша гераіня нямала шчаслівых момантаў, па поўніцы спазнала і горыч страт, і боль расчараванняў. Аднак насуперак усім цяжкасцям і выпрабаванням, у сваім пачэсным узросце Ганна Якаўлеўна жыве клопатам пра сваіх родных, якія штохвілінна ахінаюць яе ўвагай і любоўю, з радасцю сустракае гасцей, дзеліцца мудрасцю і сакрэтамі шчаслівага жыцця і доўгага веку.
Святкуючы юбілей, яна за ўсё дзякуе лёсу і з цеплынёй і радасцю згадвае самыя шчаслівыя моманты свайго жыцця.
Нарадзілася Ганна Якаўлеўна ў любячай і працавітай сям’і, жыццё якой будавалася на ўзаемнай павазе, клопаце і падтрымцы. Бацькі гераіні трымалі вялікую гаспадарку, не цураліся ніякай працы і лічылі сябе заможнымі. Ганна закончыла шэсць класаў, калі пачалася вайна. Бацька пайшоў на фронт, адкуль сям’я яго так і не дачакалася.
У акупіраваным райцэнтры наша гераіня са старэйшым братам Грышкам працавала ў краме, а ўночы яны “цягалі” са склада прадукты для партызанаў. Матуля, рызыкуючы жыццямі ўсіх дамачадцаў, пякла для народных мсціўцаў хлеб. І так рабілі многія суседзі і знаёмыя. Немцаў вельмі асцерагаліся, аднак яшчэ больш баяліся паліцаяў.
Калі на фронце наступіў пераломны момант, у тыле ворагі пачалі лютаваць: ладзілі аблавы, палілі вёскі, моладзь вывозілі ў Германію. Ганну матуля штоноч хавала то ў хляве, то ў пограбе, здаралася начаваць і ў полі, і ў лесе, аднак дачку яна зберагла. Грышка ж пайшоў у партызаны, а напярэдадні вызвалення Петрыкава ён загінуў. Сям’я засталася без мужчын.
І вось прыйшла яна, доўгачаканая перамога. Забыўшы перажытае гора і страты, людзі вярталіся да мірнага жыцця, узнімалі з попелу гарады і вёскі, будавалі дамы, стваралі сем’і.
Ганна Якаўлеўна з матуляй і сястрой ва ўцалелым доме сталі падтрымкай і апорай адна адной, пераадолеўшы нямала выпрабаванняў і ў мірны час.

Многія лета вам, паважаная Ганна Якаўлеўна!

Наша гераіня выгадавала двух сыноў, малодшы Аляксандр і яго жонка Наталля – яе надзейная апора сёння.
Без малога сорак гадоў Ганна Якаўлеўна адпрацавала ў сістэме спажыўкааперацыі раёна, частавала ў рэстаране жыхароў і гасцей райцэнтра сваімі фірмовымі стравамі, за што неаднаразова была адзначана падзякамі і ўзнагародамі ад кіраўніцтва раёна. Высокую ацэнку кулінарным талентам зямлячкі далі аднойчы і госці з Чэхаславакіі, пакінуўшы на памяць у якасці бязмежнай удзячнасці плецены куфэрак. Каштоўны для гераіні падарунак ужо амаль 50 гадоў захоўваецца ў сям’і.
Праца ў рэстаране не была лёгкай: дзень на нагах, аб’ёмы заказаў вялікія, памяшканні душныя, аўтаматызацыі напачатку не было ніякай, усё даводзілася рабіць уручную. Аднак наша гераіня любіла сваю работу і з вялікай павагай ставілася да калег.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ганна Якаўлеўна яшчэ некалькі гадоў адпрацавала ў дзіцячым садку, які наведваў яе малодшы ўнучак Анатоль. Любіў малы бавіць час у бабуліным доме, які для яго быў поўны цудаў і чараўніцтва. Сёння ён жыве ў Акцябрскім, аднак па-ранейшаму часты госць у бабулі.
Сын Аляксандр падтрымлівае ў належным стане матулін агарод, цяпер добры ўраджай садавіны і гародніны – гэта яго клопат. А Ганна Якаўлеўна цёплымі летнімі днямі любіць сядзець на ганку і даваць карысныя парады.
У сям’і нашу юбіляршу з любоўю называюць “наша Ганначка”.
Што да сакрэту даўгалецця, то, па словах гераіні, усё вельмі проста: мець у душы Бога, любіць жыццё і людзей, не ленавацца і працаваць, берагчы здароўе, правільна харчавацца і рабіць штодзень зарадку. І гэтых правілаў, за выключэннем працоўнай дзейнасці, наша гераіня прытрымліваецца і сёння.
Менавіта любоў да жыцця дазволіла ёй у амаль 80-гадовым узросце перамагчы анкалогію, а пяць гадоў таму – каранавірус. Адзінае, што засмучае жанчыну, – гэта хворыя ногі і слых, які апошнім часам стаў падводзіць.
Сваім жыццёвым шляхам наша гераіня даказвае: чалавек многае можна пераадолець, калі верыць у свае сілы і вельмі моцна гэтага хацець.
Дзякуй вам, паважаная Ганна Якаўлеўна за навуку, мудрасць і жыццялюбства. Многія лета вам!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о