Месца, куды хочацца вяртацца

0
887

Сёння ва ўстановах адукацыі краіны пройдуць “Вечары сустрэчы выпускнікоў” і школьныя калідоры зноў напоўняцца смехам, успамінамі тых, хто калісьці сядзеў за партамі.
Запыталі ў землякоў: чаму, нягледзячы на мінулыя гады, родную школу хочацца наведаць зноў?

Месца, куды хочацца вяртацца

Ніна СТРЭХА, жыхарка аграгарадка Пціч:
– Родную школу хочацца наведаць у чарговы раз, бо кожны яе куток, кожная парта, кожны калідор захоўвае ў сабе сотні ўспамінаў. Святы, спаборніцтвы, першае каханне, сяброўскія сакрэты – усё гэта застаецца ў нашай памяці. А з гадамі яшчэ часцей успамінаюцца тыя гады. Пціцкую школу я закончыла 49 гадоў таму. На той час у нас было 36 выпускнікоў з 10 “А” і 10 “Б” класаў. Асабліва цікавай і актыўнай была вучоба ў старэйшых класах. У 9 класе класным кіраўніком у нас быў Васілій Аляксеевіч Басюк, у 10 – Юрый Мікалаевіч Сіроцін – педагогі, якія ўкладвалі ў кожнага вучня свае веды і душу. Памятаю ўсё з тых часоў, нават з кім сядзела за партай – з Фёдарам Пырко з Багрымавіч. Многія мае аднакласнікі жывуць у аграгарадку, з іншымі маю зносіны праз сацыяльныя сеткі. Школьнае сяброўства часта аказваецца самым моцным і даўгавечным.
Шчыра сказаць, апошнія гады не выпадала трапіць на “Вечар сустрэчы выпускнікоў”, хоць мясцовая ўстанова рыхтуецца да гэтага дня і заўсёды запрашае землякоў. Вось з вамі пагутарыла і ў памяці “ўсплылі” тыя часы. У гэтым годзе абавязкова наведаю дадзенае мерапрыемства.

Месца, куды хочацца вяртаццаАла ЖУКОЎСКАЯ, жыхарка аграгарадка Чалюшчавічы:
– Я скончыла Чалюшчавіцкую школу ў 1991 годзе. З гэтай школай мяне звязвае вельмі шмат – я доўгі час працавала намеснікам дырэктара. Па сваёй працоўнай дзейнасці непасрэдна займалася арганізацыяй і правядзеннем вечароў сустрэч выпускнікоў. І магу з упэўненасцю сказаць: людзям сапраўды неабходны такія цёплыя святы. Я бачыла, як свецяцца вочы выпускнікоў, калі яны ўспамінаюць свае школьныя гады, як адраджаецца старое сяброўства. Настаўнікам такія сустрэчы даюць адчуванне таго, што іх праца не была марнай. Яны бачаць, што былыя вучні не забылі школу.
Чаму хочацца ў чарговы раз наведаць школу? Напэўна таму, што гэта месца, дзе фарміруецца асоба і з’яўляецца ў людзей нешта агульнае на ўсё жыццё.
Наш класны калектыў быў вельмі дружны і застаўся такім пасля школы. Мае многія аднакласнікі жывуць на Петрыкаўшчыне, працуюць у розных сферах, і калі звярнуцца да іх, ніхто не адмовіць у дапамозе. Такімі нас выхавала наш класны кіраўнік Ніна Маркаўна Шупрач, якая пражывае ў вёсцы Вялікае Поле і з якой мы на сувязі і па сённяшні дзень. У апошнюю нашу сустрэчу яна мне хвалілася: “Той патэлефанаваў, і той зайшоў”. Гэта так кранальна было чуць. Нізкі ёй паклон за ўсё, што яна для нас зрабіла.
Ці наведаю я сваю родную школу 7 лютага? Ва ўсякім разе вельмі пастараюся!

Месца, куды хочацца вяртацца

Ігар Урбанчык, жыхар Петрыкава:
– Сам я родам з Залесся, мясцовую школу закончыў больш за 45 гадоў таму. Выпускалася ў той год нас 21 чалавек. Пра тыя часы ўспамінаю з радасцю. А на малую радзіму ўжо езджу рэдка. Жыццё, як вядома, уносіць свае карэктывы. Школа на нашай малой радзіме ўжо не функцыянуе. Але гэта не перашкаджае нам, былым вучням, сустракацца, успамінаць шчаслівыя, бестурботныя часы, якімі мы былі маладымі, пра што марылі, чым жылі.
Апошняя такая сустрэча адбылася ў 2017 годзе. Тады нас сабрала Валянціна Рыгораўна Яўтушэнка, былы дырэктар школы, якая, на жаль, ужо пайшла з жыцця. Гэта быў незвычайны вечар – цёплы, кранальны, напоўнены ўспамінамі і шчырымі эмоцыямі.
Напэўна, менавіта сум па тых гадах, па нашай юнацкай бесклапотнасці, і прымушае людзей зноў і зноў вяртацца ў родныя сцены, сустракацца з былымі сябрамі. Гэта не проста размовы, гэта вяртанне да той часткі сябе, якая засталася ў школьных калідорах, на школьным двары, у класных пакоях.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу перадаць самыя цёплыя прывітанні ўсім выпускнікам Залескай школы 1979 года. Я ўпэўнены, што ў суботні дзень кожны з нас з усмешкай і ноткай светлага смутку ўспомніць нашы школьныя часы, любімых педагогаў, якія ўклалі ў нас свае веды і любоў.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара,
з сямейнага архіву землякоў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о