Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” з радасцю прымаюць запрашэнні ад грамадскіх арганізацый прыняць удзел у мерапрыемствах рознага ўзроўню. Адно з такіх прайшло на мінулым тыдні. Члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў віншавалі з юбілеем старшыню пярвічнай ветэранскай арганізацыі Капцэвіцкага сельскага Савета Тамару Гузаву.
Лёс гераіні поўны нечаканых паваротаў. Жанчына, якая пражывала далёка ад беларускай зямлі, апынуўшыся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, знайшла для сябе і сваіх родных ціхі куток для жыцця на Петрыкаўшчыне.
Нарадзілася Тамара Іванаўна ва Ульянаўскай вобласці былога Савецкага Саюза. У сям’і было чацвёра дзяцей, якія выхоўваліся ў найлепшых традыцыях таго часу: любові да Радзімы, павазе да блізкіх, імкненні вучыцца, працаваць. Бацькі прывівалі дзецям пачуццё патрыятызму з маленства, вучылі шанаваць гісторыю краіны. А як інакш? Бацька – удзельнік Вялікай Айчыннай, маці пяць ваенных гадоў прастаяла ля завадскога такарнага станка, вырабляючы міны для фронту. Пасля вайны бацька звязаў сваё жыццё з лясной прамысловасцю, што стала прычынай пераезду сям’і ў Свярдлоўскую вобласць. У 1960-м годзе яго запрасілі на будаўніцтва Чарвакскай гідраэлектрастанцыі, што на поўначы Ташкенскай вобласці. Бацька прапанову прыняў і сям’я пераехала ва Узбекістан, дзе Тамара Іванаўна пражыла 50 гадоў.
– У свой час скончыла ўлікова-крэдытны тэхнікум – адзіны ў сваім родзе ў краіне, і прафесійнае жыццё прысвяціла бухгалтарскай дзейнасці. Імкнулася заўсёды быць прыкладам для навакольных: член КПСС, актывістка. Мела трыццаць гадоў бесперапыннага стажу і ніводнага бальнічнага ліста. Ва Узбекістане стварыла сям’ю, нарадзіла трох сыноў, уладкавала дом, – успамінае суразмоўца.
Змяніў размеранае жыццё распад СССР. Са стратай яднання некалі блізкіх па духу краін, некаторыя з іх паддаліся заходнім агітацыям пра лепшае жыццё, будучыя перспектывы без удзелу Расіі. У 2012 годзе Узбекістан прыпыніў удзел у ваенна-палітычным альянсе, які ўзначальвала Расія. На рускамоўнае насельніцтва пачаўся ціск з боку пэўных груповак: забарона размаўляць на роднай мове, дыскрымінацыя ў правах. З гадамі сітуацыя пагаршалася: адчуваўся недавер, месцамі грэбаванне людзьмі з рускімі каранямі. Гераіня прыняла рашэнне з’ехаць з абжытага месца. Кажа, што наступіў такі момант, што не шкада было кідаць абжыты, дагледжаны дом, гаспадарку, хацелася, каб дзеці і будучыя ўнукі жылі ў бяспецы. Двое ўжо дарослых сыноў пераехалі ў Свярдлоўск, а адзін, пасля заканчэння тэхнікума, накіраваўся ў Беларусь у Капцэвічы, дзе жыла бабуля па лініі бацькі. Палессе ўразіла сваёй прыродай, гасціннымі людзьмі, а галоўнае – ціхім і спакойным жыццём. Юнак прыняў рашэнне застацца ў Капцэвічах. Услед за сынам прыехала і Тамара Іванаўна. Пачынала жыць нанова: купіла хату, добраўпарадкавала зямельны ўчастак і стала чакаць пераезду старэйшых сыноў.
– Людзі ў пасёлку аднесліся да нас з разуменнем, з часам мне прапанавалі працу прыбіральшчыцы ў сельскім Савеце, потым падпрацоўку ў Доме культуры. Суседка навучыла працаваць на зямлі: ва Узбекістане вырошчванне культур мела іншую спецыфіку, – дзеліцца суразмоўца. – Я чалавек таварыскі, гатовы дапамагчы блізкаму, таму калі ў 2019 годзе прапанавалі ўзначаліць пярвічную ветэранскую арганізацыю – пагадзілася. Чалавек, якому дапамаглі ў цяжкую хвіліну, не адмовіць у дапамозе іншым.
З грамадскімі абавязкамі жыццё напоўнілася новымі клопатамі і планамі. У населеным пункце чатыры вязні вайны, ёсць ветэраны працы, якія патрабуюць асаблівай увагі. Акцыі, мітынгі, святы – пярвічка заўсёды ў ліку першых.
– Члены арганізацыі – людзі з жыццёвым і працоўным вопытам, многія служаць прыкладам адданасці сваім ідэалам. Наша імкненне быць карысным грамадству – добры прыклад для моладзі ў пытанні патрыятычнага выхавання, – упэўнена актывістка.
Сёння Тамара Іванаўна грама-дзянка Рэспублікі Беларусь. Побач з ёю дзеці, унукі, блізкія людзі і аднадумцы. Саратнікі дзякавалі Тамары Іванаўне за добрасумленную працу, актыўны ўдзел у ветэранскім руху раёна. Віноўніца ўрачыстасці не хавала: наперадзе нямала добрых і патрэбных спраў. Галоўнае, каб у краіне быў мір, у душы спакой, вакол добрыя і шчаслівыя ўсмешкі людзей – такая яе мера шчасця.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий