Маладую сямейную пару Говар з гарадскога пасёлка Капаткевічы аб’ядноўвае не толькі каханне, але і меладычныя гукі. Гісторыя Аляксандра і Кацярыны – сапраўды, як добрая песня: з цёплымі куплетамі, гарманічным прыпевам і новым кранальным “акордам” – маленькай дачкой Яўгеніяй. Карэспандэнт «ПН» сустрэлася з таленавітымі землякамі, каб даведацца ў чым жа сакрэт іх сямейнага шчасця.
Кацярыну я добра ведаю яшчэ са студэнцкіх гадоў. Ігралі мы разам у аркестры беларускіх народных інструментаў, вучыліся па адной спецыяльнасці ў Мазырскім музычным каледжы. Я ведала, што Кацярына з Петрыкаўскага раёна, з вёскі Кашэвічы, а вось што яна жыве зараз паблізу – не здагадвалася. У канцы чэрвеня мы сустрэліся на мерапрыемстве ў гарадскім пасёлку Капаткевічы і я была шчыра рада бачыць студэнцкую сяброўку, а яшчэ прыемней даведацца, што яе сямейнае жыццё звязана з мастацтвам. Кацярына і Аляксандр Говар размаўляюць на адной мове. На мове музыкі…
– Пачалося ўсё ў 2017 годзе. Я, малады спецыяліст, прыехала на адпрацоўку ў Капаткевіцкую дзіцячую школу мастацтваў настаўнікам па класе баяна. Мне 19 гадоў, жыццё толькі пачынаецца. Не доўга думаючы, я пайшла абследаваць мясцовасць і ірванула па маляўнічых мясцінах гэтага, у душу запалага, гарпасёлку. І тут я праходжу каля натоўпу хлопцаў, і чую, што пра мяне ідзе размова – “гляньце,новая дзяўчына да нас прыехала”, – з усмешкай дзеліцца суразмоўца. – Я не надала значэння і пайшла гуляць далей. Падумала: я ж прыехала сюды не “шашні” круціць, а працаваць.
Чалавек я творчы, і не магу сядзець на адным месцы, таму я вырашыла пайсці ў Дом культуры, дзе неўзабаве мяне запрасілі на першую рэпетыцыю кіраўнік “Лявоніхі” Анатолій Адамавіч Грынько. Там заўважыла прыгожага, вясёлага хлопца. Як толькі ўбачыла, як ён танчыць – закахалася.
– А я закахаўся яшчэ раней. Як толькі ўбачыў цябе на вуліцы. Кацярына ішла такая прыгожая, я адразу ўсім сказаў, што гэта мая будучая жонка, – дадаў Аляксандр.
– Я раней ніколі не разумела пары, у якіх розніца ва ўзросце. Вось, напрыклад, у маіх бацькоў розніца амаль 7 гадоў, і я ўвесь час казала: мама, ты толькі нарадзілася, а тата ўжо ў першы клас хадзіў, вось як бывае? У нас з мужам розніца ва ўзросце 6,5 гадоў, і гэта наогул не адчуваецца, – працягвае размову Кацярына.
– Сустракаліся два з паловай гады, потым Саша зрабіў прапанову і праз год ажаніліся. Сёлета, 13 чэрвеня, адзначылі першую круглую дату – 5 год сумеснага жыцця. Мы з мужам са шматдзетных сем’яў. У сям’і чатыры дзяўчынкі, я трэцяя па ліку. У Сашы – тры хлопчыкі, ён таксама трэці па ліку. Што такое дружная і вялікая сям’я, ведаем не па чутках. І перакананыя: сям’я – гэта самае каштоўнае, самае галоўнае, што ёсць у жыцці, – дзеляцца Аляксандр і Кацярына.
У 2023 годзе ў сям’і Говар нарадзілася дачушка Яўгенія. У іх доме загучалі новыя матывы. Калыханкі тут спявае нават і тата – мама акампануе на фартэпіяна, а маленькая Яўгенія, здаецца, ужо спрабуе падпяваць.
–Захапленне ў нашай сям’і агульнае – сцэна. Толькі я больш спяваю, а муж танчыць, але можам разам і дуэтам праспяваць, і весела станцаваць. Пры гэтым, мой муж самавучка. Музыцы не вучыўся, з 6 гадоў пайшоў на танцы да Ядвігі Іванаўны Суботка і па гэты дзень танчыць, ва ўзорныім калектыве “Верасок” і спявае ў ансамблі песні, музыкі і танца “Лявоніха”, – дзеліцца суразмоўца.
Зусім хутка маладая сям’я завершыць доўгачаканы рамонт і пераедзе ў свой утульны прыватны дом, дзе кожны дзень будзе напоўнены цяплом і радасцю. А сакрэт іх сямейнага шчасця просты – слухаць адзін аднаго і давяраць, рабіць усё разам, а таксама працаваць на роднай зямлі і падаваць годны прыклад сваёй дачушцы.
Марыя ТАМКО,
фота з сямейнага архіва Аляксандра і Кацярыны
Говар.
Оставить комментарий