Медыцына – не работа, а лад жыцця

0
729

Дзень медыцынскіх работнікаў штогод чакаюць і ўрачыста адзначаюць на Петрыкаўшчыне не толькі ў профільных установах аховы здароўя. Многія арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы раёна маюць у сваім штаце медыкаў. Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ў сацыяльную ўстанову “Капаткевіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”, дзе 68 % ад агульнай колькасці працуючых – медыкі.

Медыцына – не работа, а лад жыцця

– Дзень медыцынскага работніка – адно з самых значных і ўшанаваных прафесійных святаў у нашай установе. Спытаеце чаму – усё вельмі проста. Так, установа мы сацыяльная, падпарадкаваны камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, аднак 80 чалавек з ліку працуючых ва ўстанове – медыкі, – удакладніла ў час размовы дырэктар Людміла Гошка і з гонарам дадала: – пагэтаму я ніколькі не здзівілася, калі вы выказалі жаданне прыехаць і распавесці пра нашых дзяўчат.
Людміла Мікалаеўна, не шкадуючы добрых слоў, завочна знаёміла мяне з тымі, хто штодзень знаходзіцца на варце здароўя пражываючых ва ўстанове, распавядала пра іх прафесійныя і чалавечыя якасці. І калі адбылося рэальнае знаёмства, некаторых сваіх гераінь я беспамылкова пазнала па характарыстыцы кіраўніка ўстановы.
27 гадоў ва ўстанове працуе Наталля Рудак. Апошнія 20 гадоў Наталля Міхайлаўна знаходзіцца на пасадзе старшай медыцынскай сястры і ўзначальвае ўвесь медыцынскі штат дома-інтэрната, адказвае, як заўважыла сама гераіня, за адаптацыю і здароўе пражываючых.
– Праца ў нашай установе мае сваю спецыфіку. Так ужо атрымліваецца, што разам з аказаннем якаснай медыцынскай дапамогі, мы клапоцімся і пра душэўны камфорт і спакой нашых пражываючых. Таму, калі ў калектыў прыходзіць новы чалавек, заўседы навучаю: не забывайце, што не лекамі адзінымі здаровы чалавек – пачаткам любога выздараўлення з’яўляецца добрае слова і душэўнае стаўленне да пацыента.
Што да тэхнічнай укамплектаванасці ўстановы, то ў нас ёсць усё неабходнае для медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі нашых пражываючых: пратэзна-артапедычныя вырабы, тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі для перамяшчэння і сродкі рэабілітацыі для інвалідаў з прычыны парушэння органаў слыху і зроку.
Аднак наш галоўны рэсурс – людзі. Адказныя работнікі, прафесіяналы сваёй справы, сумленныя і шчырыя працаўнікі. Кожнага паважаю, цаню і шчыра дзякую за самаадданую працу.
Фельчар Ніна Герасіменка аддала дому-інтэрнату 18 гадоў і сёння не ўяўляе сябе ў іншай медустанове, на іншай пасадзе.
На пытанне як працуецца з асаблівымі пацыентамі, Ніна Мікалаеўна адказала, што ніколі да сваіх падапечных не ставілася як да асаблівых пацыентаў. Для жанчыны яны – звычайныя людзі, на долю якіх выпала занадта шмат жыццёвых выпрабаванняў і нягод.
– Я і мае калегі сваім прафе-сійным і чалавечым абавязкам лічым не толькі лячэнне, а і клопат аб пражываючых. Ведаеце, работа ў падобнай сацыяльнай установе дазваляе ў поўнай меры адчуць веліч і высакароднасць нашай прафесіі. Прыемна, што дзяржавай робіцца шмат для ўстаноў, накшталт нашай. Нашыя пражываючыя забяспечаны ўсім неабходным. Пакоі ў доме-інтэрнаце пасля праведзеных рамонтных работ уяўляюць сабой утульны дом для годнага пражывання.
Людміла Ермакова, пасля праходжання дзвюх перападрыхтовак працуе медсястрой па фізіятэрапіі, інструктарам па ЛФК. Людміла Іванаўна з мясцовых. 19-ць гадоў таму пачынала працу ў доме-інтэрнаце ў якасці паставой медсястры. Аднак калі час ад часу ўстанова сутыкалася з праблемай адсутнасці кадраў у кабінеце фізіятэрапіі, адказала згодай на прапанову адміністрацыі прайсці перападрыхтоўку і набыць дадатковую, такую патрэбную інтэрнату спецыяльнасць.
– Асаблівасць маёй работы заключаецца ў тым, што з-за невялікай колькасці, у параўнанні з ЦРБ, наведвальнікаў, заўсёды ёсць магчымасць падараваць пацыентам лішнія хвіліны зносінаў. Пражываючым у інтэрнаце, паверце, гэта не менш важна, чым якаснае і своечасовае медыцынскае абслугоўванне. А ў некаторых выпадках нават больш. У многіх за плячыма – сямейныя трагедыі, гады адзіноты, боль і расчараванне. Таму лечым з калегамі не толькі цялесны боль, а і душэўныя раны спрабуем загоіць, – сціпла зазначыла мая суразмоўца.
Зачаравалі сваім пазітывам паставыя медыцынскія сёстры: Вікторыя Ільева і Наталля Бобер. Маладыя жанчыны ў адзін голас паведамілі: яны працуюць у лепшай установе, у лепшым калектыве.
Свой шлях у прафесію абедзве выбіралі свядома і самастойна – таму і праца ў радасць, і з любымі прафесійнымі цяжкасцямі спраўляюцца. Што да цяжкасцяў, то яны, упэўнены медыцынскія сёстры, ёсць у любой прафесіі.
– Яны нам даюцца, каб мы іх пераадольвалі, а не марнавалі на абмеркаванне сваё жыццё. Гэтаму і пражываючых нашых вучу, – падзялілася жыццёвай мудрасцю прафесійнымі сакрэтамі Вікторыя.
Ёсць у спрацаваным дружным калектыве і тая, хто толькі пачынае свой шлях у прафесіі. Ксенія Ляшчынская – малады спецыяліст, медсястра працэдурнага кабінета. Дзяўчына родам з Лельчыцкага раёна, і ўжо сёлета заканчваецца тэрмін яе адпрацоўкі. Аднак рашэнне прынята – Ксенія Сяргееўна застаецца працаваць у Капаткевіцкім доме-інтэрнаце. Па словах Ксеніі, яшчэ не ўвесь прафесійны і жыццёвы вопыт сваіх старэйшых калег яна пераняла.
– А калі сур’ёзна, то мне падабаецца месца і людзі, з якім я працую. У нас сапраўды вельмі дружны і спрацаваны калектыў, які жыве агульным клопатам: рабіць жыццё пражываючых у інтэрнаце камфортным, бяспечным і па магчымасці шчаслівым. Для некаторых з іх мы адзіныя блізкія людзі на гэтым свеце. І гэта вельмі адказна, – пазначыла ў час гутаркі Ксенія Сяргееўна.
Вярталася з рэпартажа з дакладным усведамленнем: так, гісторыя не ведае прыкладаў дзіваснага пазбаўлення ад многіх хвароб, аднак тое, што для пражываючых робіць медыцынскі персанал установы, гэта свайго роду цуд. Людзі, калі можна так сказаць, вяртаюцца да жыцця, зноў знаходзяць некалі страчаны сэнс і радасць.
Напярэдадні свята мае гераіні дасылаюць словы віншавання і самыя найлепшыя пажаданні ўсім медыцынскім работнікам Петрыкаўшчыны. Няхай праца прыносіць пабольш радасці, ні адна перамога над хваробай не застаецца незаўважанай, у сем’ях заўсёды пануе мір, спакой, дабрабыт і добры настрой, бо ад вашага спакою, паважаныя калегі, залежаць жыцці вашых пацыентаў.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да ўсіх віншаванняў, што у гэтыя святочныя дні гучаць у ваш адрас, паважаныя медыцынскія работнікі.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о