Медыцына – маё жыццё

0
1038

Нагодай для напісання гэтага артыкула стаў віншавальны адрас, дасланы ў рэдакцыю жыхарамі аграгарадка Курыцічы. У сваім лісце землякі і былыя калегі шчыра дзякавалі 90-гадоваму юбіляру Рыгору Мікіцічу Белагубу, загадчыку амбулаторыі ўрача агульнай практыкі за гады працы, выратаваныя жыцці і добрыя, спагадлівыя адносіны да сваіх шматлікіх пацыентаў. Накіраваліся да юбіляра, каб павіншаваць з прыгожай датай і даведацца пра жыццёвы і працоўны шлях.

Медыцына – маё жыццё

Так атрымалася, што папярэдне свой прыезд з Рыгорам Мікіцічам мы не ўзгаднілі, таму засталі мужчыну за надзённымі справамі: у кватэры стаяў блінны водар, з экрана тэлевізара гучаў голас Алены Малышавай – вядучай праграмы “Здароўе”, на стале – разгорнуты нататнік, у якім пакінуты свежыя запісы.

За няспешнай размовай даведваемся пра факты біяграфіі Рыгора Мікіціча. Нарадзіўся мужчына ў Чарнігаўскай вобласці, там жа прайшло яго апаленае вайною дзяцінства. Рана асірацеў: маці не стала, калі хлопчыку было ўсяго тры гадкі, бацьку страціў ў 10-гадовым узросце. Пасля заканчэння сямігодкі стрыечны брат прывёз 15-гадовага Рыгора ў Гомель паступаць у медыцынскае вучылішча. Наш герой паспяхова здаў іспыты і пачаў старанна вывучаць медыцыну. Па заканчэнні вучылішча два гады па размеркаванні адпрацаваў на Віцебшчыне. Пасля былі тры гады службы ў арміі, яе мужчына праходзіў у горадзе-героі Ленінградзе, у санітарнай часці артылерыйскага палка. Каласальны практычны вопыт ад медыкаў, што прайшлі франтавымі дарогамі, абудзіў жаданне прадоўжыць навучанне і атрымаць прафесію ўрача. Адпрацаваўшы каля года на Чарнігаўшчыне, наш герой паступае ў Віцебскі інстытут. Старэйшы брат Рыгора на той час ужо скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут, таму планы малодшага падтрымаў.

Вучоба ў інстытуце стала часам набыцця грунтоўных тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў.
Гаворачы пра выбар прафесіі, мой суразмоўца пазначыў: “Мне заўсёды хацелася прыносіць карысць людзям, рабіць нешта адчувальнае і значнае адначасова. Медыцына здалася мне якраз такой паўсядзённа-гераічнай прафесіяй, пра якую марыў з дзяцінства. Я люблю дапамагаць іншым і рады, калі мая дапамога прыносіць карысць. Выбраў прафесію тэрапеўта таму, што тэрапія – гэта аснова медыцыны, універсальная спецыялізацыя. Яна навучыла мяне разбірацца ў функцыянаванні ўсіх органаў чалавечага арганізма, а не нейкіх асобных. Акрамя таго, менавіта тэрапія, на мой погляд, дапамагае знайсці прычыну хваробы, а не лячыць яе следства”.

Па завяршэнні вучобы ў 1964 годзе па размеркаванні прыехаў працаваць на Петрыкаўшчыну, дзе ўзначаліў Курыціцкую сельскую ўрачэбную амбулаторыю. Менавіта тут знайшоў сваё прафесійнае прызванне і асабістае шчасце.
Рыгор Мікіціч і сёння цвёрда ўпэўнены, што для маладога спецыяліста праца ў вёсцы – гэта добрая школа жыцця. “Вясковы ўрач – ён універсал. Канешне, з аднаго боку гэта вельмі цяжка, але ў той самы час вельмі цікава і адказна. Ты і тэрапеўт, і педыятр, і кардыёлаг, і нарколаг у адной асобе. Бывае, што чалавек скардзіцца на галаўны боль, а ў яго ўжо перадінфарктны стан. Таму правільная пастаноўка дыягназу – гэта залог паспяховага лячэння хворага. Сельскаму ўрачу трэба ведаць і ўмець усё, бо менавіта сельскі ўрач абавязаны аказаць першую дапамогу і паставіць правільны дыягназ”, – дзеліцца меркаваннем суразмоўца.

Колькі візітаў здзейсніў са сваім “трывожным чамаданчыкам” і колькі ратаваў жыццяў – наш герой ніколі не лічыў, ды і пра свае прафесійныя подзвігі распавядаць не любіць. Таленавіты і сціплы, доктар прызнаецца, што самае страшнае ў прафесіі – гэта, несумненна, смерць чалавека: “Вельмі горка. І для мяне, і для маіх калег гэта заўсёды быў і будзе стрэс. Упэўнены, што да гэтага нельга прывыкнуць…”

Што да ўласнага жыцця, то і яно склалася належным чынам. Малады, чулы і спагадлівы доктар у палескай вёсцы Курыцічы сустрэў сваё каханне і пабраўся шлюбам з Аляксандрай Андрэеўнай, работніцай вясковага дома культуры, дзяўчынай таленавітай, прыгожай і сціплай. Шчаслівым і моцным быў іх шлюб, пражылі ў згодзе і паразуменні 56 гадоў, далі добрае выхаванне і адукацыю дзвюм дочкам.

Рыгор Мікіціч настолькі самааддана служыў сваёй справе, што “заразіў” ёю ўласных дзяцей – абедзве дачкі звязалі свой лёс з медыцынай, жывуць і працуюць у Мінску. Яны частыя госці ў бацькоўскай хаце, асабліва пасля смерці матулі, якой не стала ў жніўні мінулага года.

Пасля паўзы працягваем размову пра прафесію. На пытанне, што значыць быць добрым урачом, мой суразмоўца разважае:
– Урач ці добры, ці ён – не урач. А быць урачом – значыць мець асаблівы характар. Чалавек павінен быць стрэсаўстойлівым, ведаць “што такое добра і што такое дрэнна” з маральнага пункту гледжання. Урач – гэта прызванне. Нельга зняць халат і перастаць быць доктарам. Маё меркаванне: дрэнны чалавек не можа быць добрым урачом. Рана ці позна ўвесь яго негатыў немінуча выявіцца ў працы, у яго стаўленні да пацыентаў, калег. Добры доктар – адукаваны і чулы, культурны і акуратны ва ўсім. Для мяне адназначна: урач – гэта прызванне.

Звычайны чалавек пасля працоўнага дня ідзе дадому з, так бы мовіць, вызваленай ад службовых абавязкаў галавой. Для ўрача, які перажывае за сваіх пацыентаў, такая сітуацыя немагчымая. Заўсёды застаюцца пытанні па лячэнні або дыягностыцы, якія пракручваеш у галаве, не перастаючы, пакуль не будуць знойдзены адказы. У медыкаў няма нарміраванага працоўнага дня. І не таму, што мы на працы на працягу сутак не сыходзячы. Не. Проста ўрач ўвесь час на сувязі з пацыентамі, іх сваякамі. Увесь час. Гэта, калі хочаце, пачуццё адказнасці за жыццё і здароўе пацыентаў і яго трэба “насіць з сабой” пастаянна.
На мой погляд, чалавек павінен “гарэць” дадзенай прафесіяй. Інакш нічога не атрымаецца.

У 2009 годзе Рыгор Мікіціч пайшоў на заслужаны адпачынак, аддаўшы любімай справе амаль 57 гадоў. Аднак і сёння ён захаваў любоў да жыцця і людзей, пазітыўны настрой, шчыры і адкрыты позірк і ветлівую ўсмешку.
“На адным энтузіязме ў дзевяноста, зрэшты, не выцягнеш, без здароўя ўсё ж нікуды”, – жартуе мужчына і раскрывае свой сакрэт добрага настрою і самаадчування:

– Амаль семдзесят гадоў што-дзень абавязкова раблю зарадку, кожную раніцу я надаю ёй па паўгадзіны. Калі ў студэнцтве гэта былі простыя практыкавання для падтрымання формы, то пасля службы ў войску “ўзяў на ўзбраенне” вайсковы комплекс практыкаванняў. Яго і выконваю штораніцы. Пры дрэнным самаадчуванні змяншаю нагрузку, але не адмаўляюся – дысцыпліна не толькі гартуе волю і характар, але і мацуе здароўе.

Завяршыць размову прапаную пажаданнем маладым людзям, якія плануюць звязаць сваё жыццё з медыцынай.
– Выбірайце прафесію ўрача толькі па загадзе свайго сэрца, а не з-за яе прэстыжу або па патрабаванні бацькоў. Вы павінны цвёрда ведаць, што ўжо ва ўніверсітэце, а потым і на працы, вольнага часу, які можна проста марнаваць, не будзе. Таму падумайце, ці гатовы вы ўсё сваё жыццё прысвяціць аказанню медыцынскай дапамогі людзям. Гэтая праца вельмі цяжкая як фізічна, так і маральна. Не кожны чалавек вытрымае такі рытм. Затое якое адчуваеш шчасце, калі цяжкі пацыент ідзе на папраўку, калі табе гавораць дзякуй за жыццё. Гэта ні з чым не параўнальнае адчуванне поўнага задавальнення ад сваёй працы, – дае слушную параду будучым медыкам Рыгор Мікіціч.

Так, жыццё чалавека – гэта доўгі шлях і кожны крок на гэтым шляху пакідае свае наступствы. Кожны Ваш жыццёвы крок, паважаны Рыгор Мікіціч, – гэта падараваныя надзеі, выратаваныя жыцці, удзячныя пацыенты. Гэта мноства вучняў, якіх Вы адправілі ў прафесію і якія Вас памятаюць, любяць і бясконца ўдзячныя. Ваша жыццё – гэта прыклад вернасці прафесіі. З юбілеем Вас, паважаны Рыгор Мікіціч, бадзёрасці духу і актыўнага даўгалецця!

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о