Завяршыўся Дзень Перамогі ў Петрыкаве канцэртнай праграмай выканаўцаў і творчых калектываў раёна пад лаканічнай, але змястоўнай назвай “Шчаслівы май” і святочным салютам.
Канцэрты ў амфітэатры традыцыйна карыстаюцца даволі вялікай папулярнасцю сярод жыхароў райцэнтра. Не мала было відаць з ліку гледачоў і гасцей нашага горада. Атрымаць творчыя падарункі ад мясцовых артыстаў і творчых калектываў завіталі людзі рознага ўзросту.
Маладыя пары з дзецьмі выглядалі найбольш актыўнымі: яны танчылі пад вядомыя кампазіцыі, вадзілі з дзецьмі карагоды. Людзі сталага веку з захапленнем назіралі за нумарамі, часам паглядаючы кудысьці глыбей сцэны, пэўна, згадваючы нешта сваё, патаемнае. Не менш за астатніх падпявалі спевакам, што выконвалі шлягеры савецкага часу, і падлеткі. Прыемна, што маладое пакаленне ведае тэксты песень не толькі сучасных хітоў.
Да ўвагі публікі былі прадстаўленыя і песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Асаблівыя авацыі выклікаў паказ калекцыі “Абярэгі душы” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У другой палове праграмы многія ўжо не стрымлівалі эмоцый: палова глядацкай залы дружна падтрымлівала творчыя калектывы, дзеці пускаліся ў скокі каля сцэны, нехта запрашаў другую палову на павольны танец.
Кульмінацыяй імпрэзы стала выкананне ўсім вядомай песні “Дзень Перамогі”, у час якой распачаўся святочны салют. Эмоцыі ад адчування яднання і захапляльнага відовішча, вядома, былі ў прысутных самымі яскравымі. Людзі віншавалі адзін аднаго са святам, абдымаліся. Гэта мірнае неба па-над галавою з палымянымі, рознакаляровымі фарбамі салюту, апрача іншага, нагадвала, за што змагаліся нашыя продкі і заставалася напамінам, як важна захоўваць мір у сваёй краіне.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий