З кожным годам свята 23 лютага набывае ўсё большае значэнне для жыхароў нашай краіны. Гэта дзень, калі мы аддаём даніну павагі ўсім абаронцам Айчыны, тым, хто адважна стаіць на варце мірнага неба над галавой, і тым, хто толькі пачынае свой шлях у шэрагах Узброеных Сіл.
Напярэдадні свята карэспандэнты газеты пазнаёмілісяся з Уладзімірам Лебядзінскім, курсантам другога курса факультэта “Сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання” Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
З самага дзяцінства наш зямляк марыў стаць ваенным. Уладзімір ўвесь час цікавіўся ваеннай тэматыкай, яго прыцягвала ваенная форма, ваеннае мастацтва і ўсё, што з гэтым звязана. Не малую ролю ў выбары прафесіі адыграў і дзядуля. Ён увесь час распавядаў гісторыі пра сваю службу і вайсковую справу. І ўсе гэтыя фактары адыгралі ключавую ролю ў выбары будучай прафесіі. Пасталеўшы, Уладзімір зразумеў, што гэта не проста рамантыка, а сур’ёзны выбар, які патрабуе намаганняў.
– Ведаеце, вучоба тут не з лёгкіх, але мне падабаецца. Курсанты факультэта рыхтуюцца як спецыялісты ў галіне стварэння і прымянення сістэм, сетак і комплексаў тэлекамунікацыі ваеннага прызначэння, аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі, кіравання войскамі і зброяй, інфармацыйнага забеспячэння і інфармацыйнага абслугоўвання органаў ваеннага кіравання, забеспячэння бяспекі і абароны інфармацыі ў сістэмах сувязі. У акадэміі пастаянна чымсьці заняты. Спачатку гэта было нязвыкла і моцна вымотвала, але праз невялікі прамежак часу я да гэтага прывык, і прыязджаючы дадому ў канікулярны адпачынак я не ведаю, чым жа мне сябе заняць. Вядома, у першыя дні я проста адпачываю, і, так скажам, атрымліваю асалоду ад хатняй утульнасці і клопатаў родных, але потым становіцца вельмі сумна і ўвесь час хочацца чымсьці сябе заняць, – распавядае суразмоўца.
– Кожны дзень мы зноў і зноў праходзім праз строгія трэніроўкі і тэарэтычныя заняткі. Важна не толькі асвойваць дысцыпліны, але і ўмець працаваць у камандзе». Афіцэр павінен быць дысцыплінаваным, акуратным, ахайным і сачыць за сваёй мовай і паводзінамі. Лічу, што такім павінен быць кожны мужчына. І нідзе гэтаму не навучаць так, як у Ваеннай акадэміі,– адзначыў курсант.
У вольны час Уладзімір спявае у групе мастацкай самадзейнасці. Курсант разам з таварышамі па службе ездзіць па гарадах Беларусі з канцэртнымі праграмамі і агітуе хлопцаў і дзяўчат на паступленне ў Ваенную акадэмію. Прымае хлопец актыўны ўдзел у акадэмічных, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах.
За час вучобы Уладзімір атрымаў падзякі ад начальніка Акадэміі, начальнікаў воінскіх часцей, таксама быў узнагароджаны падзякай міністра абароны РБ за ўдзел у парадзе.
На пытанне, куды плануе ісці пасля Акадэміі, адказаў так: вядома ж ісці працаваць па сваёй спецыяльнасці.
– Маё прызванне – гэта служба. Я хачу быць афіцэрам, які будзе весці за сабой людзей. Будучым абітурыентам і калегам хацеў бы пажадаць ніколі не сумнявацца ва ўласным выбары, верыць у сябе, дамагацца пастаўленых мэтаў і ісці толькі наперад. Як курсант Ваеннай акадэміі, я з гонарам гляджу на тых, хто штодня бярэ на сябе адказнасць за нашу будучыню. Абарона Айчыны – гэта не толькі праца, але і святы абавязак, які мы нясем з гонарам. Моцнага здароўя, поспеху ва ўсіх пачынаннях, мірнага неба над нашай зямлёй. Са святам!
Марыя Тамко, фота аўтара.
Оставить комментарий