Члены Петрыкаўскай раённай арганізацыі беларускага саюза жанчын у дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Матуліны пірагі”, якая сёлета прайшла ў нашай краіне ўжо ў 4-ты раз.
Прадстаўніцы БСЖ раёна з самага ранку завіталі да супрацоўнікаў РАНС і РАУС, якія святочны дзень сустракалі на баявым дзяжурстве, каб павіншаваць са святам, адрасаваць добрыя словы, праявіць клопат і, вядома ж, пачаставаць хатняй выпечкай.
Намеснік старшыні рай-выканкама Наталля Ходзька, звяртаючыся да мужчын, каму выпала святочны дзень сустракаць на баявым пасту, адзначыла:
– Менавіта сёння, 23 лютага, мы завіталі да вас з віншаваннямі. Усе мы не толькі жанчыны, але і жонкі, маці, і разумеем, што нашым мужчынам, хто знаходзіцца на дзяжурстве, у гэты святочны дзень як ніколі неабходна ўвага, клопат і падтрымка. Таму “Беларускі саюз жанчын” і арганізаваў такую смачную, цёплую і душэўную акцыю. А наш пачастунак няхай сімвалізуе хатняе цяпло і клопат.
Дзякуй за мір і спакой у краіне, у кожным доме і сям’і.
Лідар жаночага руху раёна выказала ад усіх маці і жанчын раёна падзяку людзям у пагонах за іх няпростую, напружаную, нярэдка небяспечную службу па ахове нашага жыцця ад надзвычайных сітуацый і забеспячэнні правапарадку.
– Дзякуючы вашай складанай і цяжкай працы мы ўсе жывём спакойна, будуем планы і ведаем – ім суджана будзе збыцца! Вас, мужных, рашучых і моцных мужчын, мы вельмі шануем і паважаем. І заўсёды будзем ганарыцца вамі!
Пачастункі, якія былі паднесены асабістаму складу РАНС і РАУС, не толькі падсаладзілі святочны дзень агняборцаў і праваахоўнікаў, але і напоўнілі яго цяплом, клопатам і дадатковай энергіяй.
Галіна КАЗАК,
фота аўтара.
Оставить комментарий