Днямі мы завіталі да разьбяра, ураджэнца Міхедавічаў Аляксандра Кнігі. Майстар расказаў пра нядаўні конкурс-пленэр драўлянай скульптуры “Ажыўшая даўніна”, што праходзіў у Нацыянальным парку “Прыпяцкі”. Але асноўная тэма нашай гутаркі тычылася месца мастацтва ў жыцці чалавека.
Аляксандр Адамавіч з маленства захапляўся маляваннем і пасля заканчэння школы паступіў у Гомельскае вучылішча народнай творчасці, атрымаўшы спецыяльнасць разьбяра па дрэве ў 1983 го-дзе. Так, ужо больш за два дзясяткі гадоў мужчына, у якасці рамесніка, стварае скульптуры, якія потым займаюць сваё месца ў населеных пунктах, на тэрыторыях устаноў і прадпрыемстваў ці ўласных падворкаў палешукоў. Майстар адзначае, што з усяго выпуску працягвае займацца мастацкім рамяством, апрача яго, толькі адзін аднакурснік.
Не так даўно Аляксандр Кніга ў чарговы раз атрымаў запрашэнне на конкурс-пленэр “Ажыўшая даўніна”. Нагадаем, што гэтае мерапрыемства ладзіцца ўжо ў шосты раз і тры апошнія сустрэчы майстроў з усёй Беларусі праводзяцца ў нацпарку “Прыпяцкі”. Чатыры гады таму творцам было прапанавана ўвасобіць у дрэве персанажаў аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”, якія потым занялі месца ў гарадскім парку поруч з краязнаўчым музеем. Перад мінулым “Клічам Палесся” майстры стваралі скульптуры на тэму традыцыйных абрадавых святаў. На гэты ж раз удзельнікам было прапанавана адлюстраваць традыцыйныя заняткі і жыццёвыя сюжэты палешукоў.
– Яшчэ перад адкрыццём пленэру мы накіроўвалі арганізатарам свае эскізы. Я вырашыў стварыць выяву паляўнічага, дабавіўшы да вобраза крыху казачных рыс. Некаторыя майстры вырашылі раскрыць сваіх персанажаў больш глыбока, але я вырашыў паказаць свайго героя прасцей, каб скульптура была адразу зразумелай і дарослым, і дзецям. Словам, каб пабачыўшы, адразу захацелася з ёй сфатаграфавацца. Заўважу, ужо некалькі гадоў на конкурсе не вызначаюць лепшую работу і гэта, пэўна, правільна, бо судзіць мастацкую творчасць заўсёды складана, гэта ж не спорт. Замест гэтага на пленэры ўведзены намінацыі. Так, мая работа атрымала ўзнагароду “За арыгінальнасць і навізну ўвасаблення ідэі”, а прыцягнутая да твора ўвага пераканала мяне, што першаснай сваёй мэты я дасягнуў”, – падзяліўся Аляксандр Адамавіч.
– Працавалі мы дзесяць дзён і часцяком пачыналі зранку і да заходу сонца. Але трэба было іншы раз і запаволіць тэмп. Натуральна адпачыць ад фізічнай працы, паглядзець, што робяць калегі і змяніць фокус увагі. Самі разумееце, калі цэлы дзень пазіраеш на сваю скульптуру, то вока замыльваецца, рызыкуеш не заўважыць сваіх будучых памылак. Таму мы наведваліся адзін да аднаго, цікавіліся, давалі парады. Увечары таксама размаўлялі пра творчасць, згадвалі свае гісторыі, разважалі пра далейшы лёс разьбярства.
Што да арганізацыі мерапрыемства, то ўсё прайшло на вышэйшым узроўні. Усе нашыя просьбы выконваліся вельмі хутка і нейкіх патрэб за гэты час мы не адчувалі. Напрыканцы нашыя працоўныя пляцоўкі былі прыбраны так хутка, што мы і заўважыць не паспелі, быццам скульптуры сюды прывезлі з іншага месца, такая навокал была чысціня, – згадаў разьбяр.
Кранаючыся тэмы месца мастацтва ў жыцці чалавека, суразмоўца адзначае, што спрадвеку нашыя продкі вучыліся ўвасабляць навакольную прыгажосць у сваёй творчасці. Такім чынам, наш жыццёвы шлях непарыўна звязаны з мастацкім усведамленнем наваколля. “І за шпаркім тэмпам, за ўсё больш істотным замацаваннем у нашым жыцці матэрыяльных каштоўнасцей, нам бы не страціць гэтую здольнасць любавацца прыгажосцю, здзіўляцца свету і імкнення ствараць нешта такое, што падобным чынам захапляла б людзей. Ведаеце, далёка не кожнай рэчы можна павесіць цэннік, але многія намагаюцца гэта зрабіць. Такім чынам, мы падмяняем чарговую нашую духоўную каштоўнасць грашовай. Але колькі каштуе палюбавацца світанкам, у якіх грашах вымяраць любоў і каханне, сяброўства ці чалавечую годнасць?“ – рытарычна пытае майстар.
На пытанне, што патрэбна мастацтву для развіцця, Аляксандр Кніга адказвае, пасля непрацяглай паўзы: “Нават у асяродку мастакоў на гэтае пытанне знайшоўся б адказ, што трэба грошы. Але справа не толькі і не столькі ў сродках. Па вялікім рахунку, усюды патрэбна дабрыня, бо толькі дабрыня стварае разуменне, згоду паміж людзьмі, прымушае прыпыніцца, задумацца, толькі з дабрынёй магчыма дапамога”, – разважае мастак.
Мы развіталіся пасля доўгай размовы, Аляксандр Адамавіч праводзіў нас да легкавіка, а потым у яго майстэрні зноў пачалася работа, зноў непрыкметныя загатоўкі пачалі напаўняцца зместам спрадвечнай беларускай прыгажосці светаадчування.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий