Ад сакральнай падзеі сустрэчы сонца да спальвання пудзіла Масленіцы на Даравальную Нядзелю перад Вялікім пастом, які ў гэтым годзе завершыцца 19 красавіка, – любімая народная традыцыя, якая атаясамліваецца ў беларусаў з праводзінамі зімы, пачала на гэтым тыдні сваё шэсце па краіне.
Апошні тыдзень перад Вялікім пастом – масленічны – пачаўся ў праваслаўных.
На Петрыкаўшчыне гэты перыяд напоўнены старажытнымі традыцыямі, смачнай ежай і радаснымі сустрэчамі з блізкімі.
Масленіца – не Царкоўнае, а народнае свята. Аднак народныя традыцыі свята можна выкарыстоўваць для духоўнай карысці. Паход да цешчы на бліны ў сераду і яе візіт у адказ у пятніцу, сумесны стол са сваякамі мужа ў суботу, а таксама іншыя сустрэчы з людзьмі – прыемная нагода ўмацаваць добрыя адносіны, прымірыцца, калі раней у адносінах былі нейкія непаразуменні, дараваць, паднесці падарунак, праявіць увагу і любоў.
Царква ў гэты тыдзень раіць адмовіцца ад мясной ежы: можна ўжываць сыр і іншыя малочныя прадукты. Адсюль і назвы гэтага тыдня – Сырная сядміца і Масленіца. Як адзначаюць свяшчэннікі, асноўнай ідэяй Сырнага тыдня з’яўляецца падрыхтоўка да Вялікага паста, які доўжыцца 40 дзён. Завяршаецца Масленіца Даравальнай нядзеляй. У гэты дзень Царква ўспамінае выгнанне Адама з Раю – падзея, якая нагадвае людзям пра неабходнасць ачысціцца ад грахоў. Вернікі просяць адзін у аднаго прабачэння, каб у Вялікі пост уступіць з чыстым сэрцам. У гэты час таксама ўжо ўступае ў сілу забарона на вянчанне, якая працягнецца ўвесь 40-дзённы іспыт. Тэма паста актыўна ўплятаецца ў паўсядзённае жыццё хрысціяніна. На Масленіцу ўжо нельга есці мясныя прадукты, у сераду і пятніцу ў храмах не служыцца літургія. У богаслужбовых тэкстах усё выразней адчуваецца дыханне паста, пачынае чытацца малітва Яфрэма Сірына, якая будзе суправаджаць усе велікапосныя службы.
Сустракаем Масленіцу з радасцю і добрым настроем у коле сям’і і сяброў!
Марыя ТАМКО.
Оставить комментарий