Калі ў некага паўстае пытанне “Адкуль нашы карані”, раю бліжэй пазнаёміцца з землякамі, майстрамі рукадзелля, якія з’яўляюцца носьбітамі і прадаўжальнікамі беларускай культуры і яе традыцый. Я ўпэўнена, адказ на пытанне вы знойдзеце самі.
У кожным населеным пункце ёсць людзі, здольныя здзівіць, зачараваць сваім майстэрствам рукадзелля. У аграгарадку Камаровічы такім чалавекам з’яўляецца Вольга Кудравец, вядомая на ўсю акругу вышывальніца.
– Вышыванне стала часткай майго жыцця, у гэтым я, можна сказаць, знайшла сябе, – прызнаецца Вольга Прохараўна. – Як з юнацтва зацікавілася гэтай справай, так і “не адпусцілі” мяне нітка з іголкай да сённяшняга дня. Нягледзячы на тое, што пераступіла 80-гадовую мяжу, рука ўсё роўна цягнецца да круга для вышыўкі.
Гаспадыня праводзіць мяне па ўтульных пакоях свайго дому. Ва ўсіх раскладзены яе ранейшыя працы, на якіх размясіліся неверагодныя рознакаляровыя суквецці. Відавочна, што жанчына валодае адчуваннем прыгажосці і гармоніі. Колькасць рэчаў, вышытых ёю, уражвае. Пасцельная бялізна, ручнікі, карціны, сурвэткі, накідкі – усе работы яркія і светлыя. Так, з-пад яе рук выйшлі рэчы, якія знайшлі сваё прызначэнне ў сем’ях дзяцей, блізкіх, знаёмых. Майстрыха можа і падарыць вышыванку, калі бачыць, што яна сапраўды некаму спадабалася. “Радуюся, калі мае работы нясуць радасць і добры настрой людзям”, – дзеліцца зямлячка. Скарысталася такой прыгажосцю яе дачка, настаўнік Камаровіцкай сярэдняй школы, абсталяваўшы ў адным са школьных кабінетаў беларускі куточак, знайшлося прымяненне вышыванкам майстрыхі і ў мясцовым Доме культуры.
– Вышыванне – такая справа, што альбо адразу захопіць, альбо з першых момантаў “не пойдзе”. Але калі спадабаецца – будзе захапленне на ўсё жыццё. Мне спадабалася, – працягвае зямлячка. – Калі была маладзейшая, пяльцы ў рукі брала практычна кожны дзень, як толькі выдавалася вольная хвілінка. Самае галоўнае патрабаванне такога захаплення – цярпенне і акуратнасць. Часам ад працы стамляешся, бо шмат разоў трэба перастаўляць пальцы. Затое пасля не налюбуешся на сваю вышыванку.
Мая новая знаёмая – цікавы і вельмі далікатны чалавеку. Павагі заслугоўвае і яе жыццёвы лёс. Родам з Філіпавіч Навасёлкаўскага сельскага Савета. Да працы прывучаная з дзяцінства: бацька не прыйшоў з Вялікай Айчыннай вайны, а ў маці падрасталі пяцёра дзяцей – патрэбна было быць ва ўсім памочніцай. Будучы ўжо школьніцай не баялася цяжкай працы: дапамагала маці даіць кароў на ферме, апрацоўваць зямлю, пасля школы разносіла людзям газеты. Пасля заканчэння васьмі класаў Навасёлкаўскай школы дзяўчына засталася працаваць на малой радзіме: у сельгаспрадпрыемстве, на будоўлі, якая раней была ў Навасёлках. Кажа, другога кутка, акрамя Петрыкаўшчыны, дзе жыць і працаваць і не разглядала. На малой радзіме сустрэла свой лёс, трактарыста з Ванюжыч з якім пражылі 55 гадоў, нарадзілі і выхавалі семярых дзяцей.
Суразмоўца – “багатая” жанчына: мае дзесяць унукаў, пяць праўнукаў, два прапраўнукі. Родныя наведваюць яе, не забываюць.
Час, праведзены з землячкай, прайшоў цікава і хутка. Калі перад табой чалавек, які ўкладвае ў сваё захапленне душу, ёсць чаму і павучыцца. А калі гэтая справа прыносіць чалавеку радасць і дапамагае жыць, то ўвогуле цудоўна! Гавораць, што шчаслівы той, хто знайшоў у жыцці сваё захапленне. Вольга Прохараўна знайшла, і яго вынік радуе не толькі яе, але і іншых людзей.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий