У аграгарадку Конкавічы жыве вялікая і дружная сям’я, якая сваім прыкладам дэманструе, што жыццё ў сельскай мясцовасці можа быць насычаным і цікавым.
Канстанцін і Юлія ў асяроддзі ўсіх сваіх дзяцей на парозе свайго ўтульнага дома, з шырокай усмешкай сустрэлі карэспандэнта “Петрыкаўскіх навін”. Сям’я Васілец выхоўвае траіх дзяцей: Ганну, Мікалая і Мацвея. Іх дом заўсёды поўны смеху і радасці, а заняткі ўсёй сям’ёй ствараюць моцную сувязь і незабыўныя ўспаміны.
У гэтым годзе муж з жонкай адзначаюць 19 гадоў сумеснага жыцця. Што стала нагодай для нашага матэрыяла.
– Скажыце, калі ласка, як вы пазнаёміліся?
– Пазнаёміліся з будучым мужам мы ў вёсцы. У 2005 годзе пасля ветэрынарнай Акадэміі мяне размеркавалі ў Конкавічы, дзе і пазнаёміліся, – распавядае Юлія. – Дабіваліся ўсяго сваёй працай, маем сваю гаспадарку: куры, свіння, агарод. Увесну дружна займаемся пасадкай бульбы, дзеткі заўсёды і ва ўсім нам дапамагаюць. Вядома, асноўная частка працы на бацьку, бо ў нас уласны трактар, на якім і робіцца ўся асноўная сельска-гаспадарчая праца. Ведаеце, у вёсцы сумаваць не даводзіцца, асабліва, калі ў цябе вялікая сям’я.
– Раскажыце, ці ёсць у вашай сям’і традыцыі?
– А як жа, летам ходзім у грыбы і ягады, робім нарыхтоўкі на зіму. Дарэчы, цікавы факт: на рыбалку з татам ходзіць дачка Ганначка, а сыны не вельмі любяць такі занятак. Здавалася б, павінна быць усё наадварот.
– А яшчэ ёсць у нашай сям’і незвычайная традыцыя, – распавядае дачка Ганна, – мы кожны год адзначаем свята “Івана Купала”. Пішам самі сцэнарый, прыдумляем касцюмы, скачам праз вогнішча, пляцем вяночкі, шукаем папараць-кветку. Гэта час радасці, яднання і чараўніцтва. Мы ўзгадваем продкаў і іх звычаі, гэта дапамагае нам адчуць сувязь з культурай. На ўсе святы ўладкоўваем сямейныя фотачэленджы. Увогуле, нягледзячы на ўсе клопаты, мы заўсёды знаходзім час для забаў усёй сям’ёй. Тата пабудаваў зону адпачынку, дзе ў нас размешчаны більярд, месца, дзе можна паслухаць музыку, патанчыць, выпіць усёй сям’ёй гарбаты з мамінымі смачнымі і духмянымі булачкамі.
– Цяпер пытанне дзеткам.Скажыце, якія ў вас захапленні, хобі?
– Мы з Ганнай удзельнічаем у алімпіядах, я па інфарматыцы, а сястра па рускай мове, – адказвае на пытанне Мікалай, – ходзім на школьныя секцыі, дома ўсе разам робім карціны з алмазнай мазаікі, збіраем з Мацвеем канструктары. Яшчэ ў нашай сям’і ёсць жывы куток: дзве пясчанкі, два хамякі і дзве чарапахі, за якімі трэба даглядаць.
– Самае галоўнае ў выхаванні дзяцей – гэта што на вашу думку?
– Я лічу, што ў выхаванні дзяцей вельмі важны давер, каб дзіця не баялася падзяліцца сваімі праблемамі, перажываннямі, марамі, – распавядае Канстанцін, – мы для сваіх дзяцей найперш сябры, якія заўсёды дапамогуць і падтрымаюць. Мы спадзяемся, што нашы дзеткі вырастуць годнымі людзьмі і панясуць па жыцці тое лепшае, што ўвабралі ў сваёй сям’і.
– Дзякуй за тое, што падзяліліся сваёй гісторыяй.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий