1 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень пажылога чалавека. У нашай краіне пажылымі лічацца жанчыны ці мужчыны, якім больш за 60 гадоў. А ці на самой справе гэтых людзей можна назваць пажылымі? ТЦСАН поўнасцю змяніў нашыя думкі.
Прыгожыя, актыўныя, з яркім макіяжам, стыльныя сустрэлі нас жанчыны, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў, што право-дзяцца ў цэнтры.
Кожная з жанчын мае статус маці, бабулі і нават прабабулі. На заслужаным адпачынку амаль няма часу, каб проста пагля-дзець тэлевізар ці пачытаць кнігу, заўсёды многа цікавых спраў, заўсёды трэба кудысьці бегчы.
Па словах наведвальнікаў цэнтра, такое актыўнае жыццё ім падабаецца.
– Калі табе тэлефануюць і гавораць, што на базе цэнтра ці ў іншай арганізацыі плануецца творчае мерапрыемства, без усялякіх сумненняў спяшаешся на рэпетыцыю, а перад гэтым, канешне, робіш прычоску, макіяж, прыгожа апранаешся, – падзялілася з намі адна з удзельніц творчага калектыва цэнтра Таццяна Семяніцкая.
Загадчык аддзялення Алена Слязь і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ірына Кудра пры сустрэчы паведамілі нам, як арганізавана праца цэнтра з людзьмі пажылога ўзросту:
– У нашым аддзяленні працуе 7 клубаў.
У летні перыяд у нас працуе ЛФК “Старэем граматна”, якую праводзіць наш валанцёр Людміла Зубар. Жанчыны збіраюцца ў спартыўнай зале, бяруць з сабой спартыўныя кілімкі, апранаюць зручнае адзенне і займаюцца спортам. Згадзіцеся, клуб для любога чалавека будзе карысным, бо здароўе – гэта наша ўсё.
Другі клуб – танцавальны, пад назвай “Жыць здорава” (група “Elegans”). Наведвальнікі цэнтра збіраюцца ў Доме культуры, выбіраюць для сябе танцавальны накірунак і рэпетыруюць. Вывучаныя танцы не праходзяць дарма, бо потым нашыя жанчыны выступаюць са сваёй праграмай на розных мерапрыемствах.
Трэці клуб – “Камп’ютарная граматнасць”. Вядома, што наш свет развіваецца і зараз мы маем вялікую колькасць сацыяльных сетак і мэсэнджараў. Калі ў нашых наведвальнікаў узнікаюць пытанні наконт якой-небудзь камп’ютарнай праграмы ці сацыяльнай сеткі, мы заўсёды тлумачым і паказваем, тым самым дапамагаем людзям сталага ўзросту стаць больш сучаснымі.
Чацвёрты клуб – “Майстрыха”. Нашы жанчыны з’яўляюцца і таленавітымі рукадзельніцамі. З рознага віду матэрыялаў, тканіны яны створаць сапраўдны шэдэўр. Гэтыя вырабы радуюць не толькі вочы наведвальнікаў цэнтра, але і многіх другіх людзей, так як мы арганізоўваем выставы не толькі на базе нашай установы, але і на многіх іншых мерапрыемствах.
Пяты клуб – “Беспакойныя сэрцы” (група “Настрой”). У гэтую групу ўваходзяць 3 жанчыны, якія вырашылі стварыць свой уласны маленькі калектыў. Група падабрала для сябе пэўны рэпертуар і выступае з ім на розных мерапрыемствах, якія праходзяць у нашым раёне.
Шосты клуб – “Маладыя душой”. У гэты клуб уваходзяць людзі, якім больш за 70 гадоў. Гэта таксама творчы калектыў: тут спяваюць песні ўжо больш старэйшых гадоў, частушкі.
Сёмы клуб – “Скандынаўская хадзьба”. Наш спецыяліст выходзіць з групай па пэўным маршруце. На свежым паветры яны робяць міні-гімнастыку. Актыўныя удзельнікі хадзьбы ўжо самі ведаюць, як правільна дыхаць, калі рабіць перапынкі, як правільна сябе паводзіць пры хадзьбе. Ведаеце, многія нават самі рэгулярна выходзяць на такія прагулкі, бо для іх гэта ўжо карысная звычка.
Насамрэч, узрост – гэта толькі лічбы ў пашпарце. Калі чалавек здаровы і душой малады, жыццё на пенсіі для яго толькі пачынаецца. Са святам, паважаныя землякі, здароўя і новых адкрыццяў!
Анастасія ФЕЛЬКІНА.
Фота аўтара і з архіва цэнтра.
Оставить комментарий