Першы раз я пачула пра Дар’ю Падаляка восенню мінулага года як пра ўдзельніцу абласнога форума сельскай моладзі ад Петрыкаўшчыны. Выбар паў тады на годных прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны. У хуткім часе давялося зноў пачуць пра дзяўчыну, і толькі добрыя словы: ад кіраўніцтва КСУП “Запаветы Ільіча” – адказны спецыяліст, ад жыхароў аграгарадка Бабунічы – цудоўны чалавек. Вырашальнай нагодай для сустрэчы стаў той факт, што Дар’я пасля адпрацоўкі належнага тэрміну засталася працаваць на першым працоўным месцы.
Знаёмства са спецыялістам КСУП “Запаветы Ільіча” не толькі пацвердзіла словы землякоў пра гераіню, а дадала асабістых прыемных уражанняў. Удвайне прыемна, што Дар’я, не будучы ўраджэнкай Петрыкаўшчыны, палюбіла наш куток, праніклася добрымі пачуццямі да людзей.
– Я родам з Жыткаўшчыны, з вёскі Азяраны. Пасля школы паступіла ў Гомельскі аграрны эканамічны каледж, дзе набыла спецыяльнасць “Эканаміст”, – пачынае аповед гераіня. – Выбар установы быў не выпадковы – маці ў свой час набывала там бухгалтарскую спецыяльнасць. Напэўна, цікавасць да лічбаў, разлікаў перадалася ад яе і мне.
У 2021 годзе маладому спецыялісту выпала па размер-каванні прыехаць на працу ў “Запаветы Ільіча”. Прызнаецца, першае, што падумала: месца працы побач з малой радзімай. Адбуду патрэбны тэрмін, а далей будзе бачна куды. Па прыездзе на першае месца працы, са слоў гераіні, премна ўразіў калектыў: разумеючы,кампетэнтны, сяброўскі. Ды і жыхары населенага пункта прынялі яе сардэчна.
– Два гады я была на пасадзе эканаміста. Восенню мінулага года ў мяне закончыўся тэрмін адпрацоўкі, але, сказаць шчыра, я ўжо і не думала пра пошук іншага месца працы, – працягвае спецыяліст. – Галоўная прычына такога рашэння – тут я адчуваю стабільнасць, падтрымку і маю цікавасць да сваёй справы. Падумайце самі: у мяне ёсць жыллё, заробак, надзейныя калегі і новыя сябры. Навошта пачынаць усё з пачатку? Трэба ісці далей.
Што датычыцца культурнага дапаўнення да працоўных будняў, то і тут парадак. Разам з сяброўкай, маладым педагогам Бабуніцкай сярэдняй школы, суразмоўца па жаданні выязджае ў райцэнтр, дзе наведвае гарадскі парк, кафэ, мерапрыемствы для моладзі. Знаходзіцца магчымасць адпачынку і ў Бабунічах, дзе ёсць сучасны стадыён, школьная спартыўная зала, філіял Дома культуры з цікавымі прапановамі.
Паўгода таму краўніцтва прапанавала спецыялісту паспрабаваць свае сілы ў аддзеле кадраў. Дзяўчына згадзілася, бо лічыць, што новы вопыт ёй не перашкодзіць і спатрэбіцца пры атрыманні вышэйшай адукацыі ў Горацкай сельгасакадэміі, студэнткай якой яна з’яўляецца.
– Канечне, мая новая пасада патрабуе новых ведаў, уважлівасці і ўседлівасці. Дзейнасць па запаўненні працоўных кніжак, дамоў, кантрактаў, дакументаў на пенсійнае забеспячэнне і іншых прававых актаў, не мае права на памылку. І я імкнуся да ўдасканалення. Стараюся аддзякаваць людзям за іх навуку і добразычлівасць, выкарыстоўваючы сваю маладую энергію на карысць арганізацыі, вёскі, дзе працую і жыву.
Мы жадаем Дар’і Мікалаеўне поспехаў у рэалізацыі вызначаных планаў. Няхай зямля Петрыкаўшчыны, дзе дзяўчына пачала працоўны шлях і заявіла пра сябе як адказны і мэтанакіраваны спецыяліст, стане для яе назаўсёды родным домам.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий