Мітынг-рэквіем,прысвечаны 81-й гадавіне пачатку аперацыі “Баграціён”
прайшоў сёння ў райцэнтры, каля памятнага знака ваенным маракам і марскім лётчыкам Прыпяцкай, Пінскай і Дняпроўскай флатыліі.
Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўніцтва раёна , лідары грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі працоўных калектываў.
Аперацыя “Баграціён” з’яўляецца трыумфам савецкага ваеннага мастацтва, таму памятная дата пачатку аперацыі назаўжды ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.
Да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў:
– Войны застаюцца ў памяці пакаленняў галоўнымі сваімі бітвамі. Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён” адыграла ключавую ролю ў набліжэнні Вялікай Перамогі, стаўшы ўзорам палкаводчага мастацтва і адной з найбуйнейшых ваенных аперацый за ўсю гісторыю войн, галоўнай мэтай і вынікам якой стаў разгром групы армій “Цэнтр» вермахта. Сваёй незалежнасцю мы абавязаны ім, мужным воінам-вызваліцелям. Вечная памяць героям!
Кветкі занялі сваё пачэснае месца на пастаменце памятнага знака ваенным маракам і марскім лётчыкам Прыпяцкай, Пінскай і Дняпроўскай флатыліі.
Вечная слава героям і вечная памяць!
Мітынг-рэквіем пад блакітным мірным небам чарговы раз нагадаў нам пра тое, што мы павінны шанаваць мір і спакой, свабоду і незалежнасць, якія маем мы, нашы дзеці і ўнукі.
Кветкі ад удзячных нашчадкаў за мірнае сёння.
Оставить комментарий